Вы тут

Выйшла кніга для тых, хто хоча гаварыць па-беларуску і не ведае, з чаго пачаць

Кніга "Беларускамоўныя" / instagram.com/artsiadziba 

Выйшла ў свет кніга, закліканая дапамагчы лёгка і без страху пачаць гаварыць па-беларуску. Выданне называецца "Беларускамоўныя". Па сутнасці, гэта зборнік парадаў і лайфхакі.

Аўтары зборніка сцвярджаюць, што кніга будзе карысная тым, хто апошні раз практыкаваў беларускую мову ў школе, але вельмі хоча пачаць на ёй гаварыць. Распрацаваныя і прапанаваныя тактыкі паказваюць, як можна патроху, крок за крокам уключаць беларускую мову ў сваё жыццё.

Парады, сабраныя ў кнізе, "дапамогуць пераадолець псіхалагічны бар'ер, падкажуць, дзе знайсці аднадумцаў, неабходныя лічбавыя і папяровыя рэсурсы, а таксама раскажуць гісторыі людзей, якія ўжо пачалі гаварыць па-беларуску", кажуць аўтары выдання.

Кніга "Беларускамоўныя" ўжо з'явілася ў некаторых кнігарнях.

Цяпер рыхтуецца да выдання яшчэ адна кніга пра беларускую мову — "Мова 404" Аліны Нагорнай. Гэта зборнік апавяданняў пра людзей, якія пацярпелі праз тое, што гавораць на беларускай мове. На прыкладах сваіх герояў аўтарка паказвае, што ў цяперашні час у Беларусі за беларускую мову могуць абразіць і нават збіць.

"У Беларусі адбываецца дыскрымінацыя па прыкмеце мовы, з ёй кожны дзень сутыкаюцца тысячы людзей. Я вырашыла зрабіць такі зборнік гісторый, каб грамадства ўбачыла праблему", — тлумачыць ідэю Аліна Нагорная.

Падтрымаць праект можна праз краўдфандынг.