"Выступленне педагогаў выклікала здзіўленне" — афіцыйны адказ з гімназіі №50

Гімназія №50 / Facebook 
Гімназія №50 / Facebook 

На сайце адной з самых моцных школ Мінска з'явілася заява, падпісаная "калектывам гімназіі №50 г.Мінска". У ёй гаворыцца, што нядаўняе "выступленне асобных педагогаў выклікал а здзіўленне і неразуменне ва ўсяго педагагічнага калектыву гімназіі".

"Меркаванне большасці педагогаў наступнае. Сёння дзяржавай створаны ўсе ўмовы для выхавання і навучання дзяцей і моладзі, плённай працы настаўнікаў", — сцвярджаюць аўтары адказу.

Яны падкрэсліваюць, што "пры ўсіх адрозненнях ў поглядах і перакананнях настаўнікаў, бацькоў, дзяцей, школа не можа быць месцам агрэсіі і варожасці", і што ў сценах школы "нельга дапускаць эмацыйнай і псіхалагічнай эскалацыі".

У запісе звароту, які 26 кастрычніка з'явіўся ў інтернеце, прынялі ўдзел каля двух дзясяткаў педагогаў. Яны казалі пра тое, што "школу ператварылі ў зручны інструмент для абслугоўвання ўлады", і што статус настаўніка апынуўся дыскрэдытаваны. Настаўнікі таксама заявілі, што выступаюць "за адзіную, вольную, незалежную і квітнеючую Беларусь", за тое, каб моладзь не з'язджала за мяжу, а ўлада была дэмакратычнай, "за тое, каб меркаванне большасці ў грамадстве ўлічвалася. За вызваленьне ўсіх палітычных зняволеных".

Баючыся пераследу настаўнікаў, бацькі цяперашніх вучняў і былыя выпускнікі гімназіі ладзілі акцыі падтрымкі. Характэрна, што адказ адміністрацыі, які выказвае "меркаванне большасці педагогаў" падпісаны сціплым "калектыў гімназіі №50 г.Мінска", ніводнага прозвішча настаўніка пад гэтым зваротам няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі