Выпускніца універсітэта на ЦТ: Было проста, але школьных ведаў не хопіць

Марта Філіпоненка — трэцяя ўдзельніца праекта Еўрарадыё, якая здала тэставанне па нашай просьбе. Да яе з тэставаннем справіліся настаўнік і рэпетытар. З дыпломам перакладчыцы тэставанне даецца ёй лёгка, але складаныя моманты сустракаюцца:

Рэпетытар па хіміі на тэставанні: На гэты тэст трэба чатыры гадзіны, а не две

Настаўнік на тэставанні: У адным заданні падыходзілі і працяжнік, і коска

Аўдыторыя

Першае ўражанне — усё вельмі арганізавана і дакладна. Я здавала ў Лінгвістычным, які скончыла. У аўдыторыю ўпускаюць па нумарочках, рассаджваюць. Я прыехала на паўгадзіны раней, таму доўга чакала. Усё прадыктавалі, патлумачылі лішні раз, як пішуцца лічбы ў бланку. У дзяцей пытанняў не было. Але для іх гэта ўжо трэцяе тэставанне, ужо ўсё ясна. Атмасфера напружаная, людзі нервуюцца. Са мной сядзеў хлопец, які ўвесь час круціў ручку ў руках, быў нервовы.

Заданні

Першая частка заданняў, у якой трэба ставіць крыжыкі, не выклікала ніякіх пытанняў. Усё выразна, зразумела. У асноўным, заданні на лексіку. Былі моманты, над якімі трэба падумаць, але гэта на пару хвілін разважанняў, каб успомніць правілы.

А вось з другой часткай, дзе трэба ўпісваць адказы, былі праблемы. У самым першым заданні напісаныя словы, іх трэба змяніць і ўставіць у тэкст, адаптаваць для тэксту. Вось яно было цяжкаватае. Не ведаю, як цяпер рыхтуюць у школах, але мне б, напрыклад, не хапіла ведаў адразу пасля маёй мазырскай школы, каб здаць гэты тэст. Трэба паўдзельнічаць у алімпіядах, можа, рэпетытара ўзяць. Думаю, што балаў 70-80 набяру. Калі я паступала, здала на 55 балаў.

Абітурыенты

Першы чалавек здаў за 15 хвілін. Мне падалося, што дзіўны хлопец. Нават не падобна было, што ён на тэставанне прыйшоў. У большасці ўсе былі апранутыя строга. Але былі і ў шортах, майках. За гадзіну здалі 8 чалавек, так што, я была адна з першых.

Еўрарадыё апублікуе вынікі ўсіх "абітурыентаў", якія здавалі экзамены па нашай просьбе, як толькі стануць вядомыя вынікі ўсіх тэстаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі