"Выпадковых" перамог на выбарах не будзе

Еўрарадыё паспрабавала даведацца "пераможны рэцэпт" у дэпутатаў мясцовых саветаў 2003 года. І падказаць яго сёлетнім удзельнікам дэпутацкай гонкі. Напярэдадні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзякуючы якім паліттэхналогіям, нечаканым дзеянням альбо асабістым якасцям прадстаўнікам дэмакратычнай апазіцыі ўдавалася ў мінулым абыйсці ўсе перашкоды на сваім шляху і стаць дэпутатамі. Хай сабе і мясцовых саветаў.

Актывіст Партыі БНФ Юрась Губарэвіч перамог на мясцовых выбарах і стаў дэпутатам гарсавету Белаазёрска ў 2003 годзе. Па яго словах, перамогу ён атрымаў дзякуючы самаадданай і напружанай працы каманды. Кажа, жыхары горада былі прыемна здзіўленыя найперш тым, што амаль да кожнага з іх прыйшлі з агітацыяй дахаты, і што праграма кандыдата грунтавалася на іх патрэбах, праблемах і патрабаваннях. Ну, і ўлады трошкі не даглядзелі.

Юрась Губарэвіч: "Яшчэ адзін момант - практычна поўная адсутнасць фальсіфікацый падчас падліку галасоў. Я не ведаю, чаму так адбылося, магчыма, улады не надавалі асаблівай увагі менавіта мясцовым выбарам. Цалкам верагодна, што на той момант не было татальнай практыкі фальсіфікавання і збольшага галасы былі падлічаны адпаведна. Хаця былі выпадкі, калі нашым кандыдатам, паводле афіцыйных дадзеных, не хапала 3-5 галасоў для перамогі. На маю думку, гэтыя галасы былі зрэзаныя".

Кіруючыся сваім вопытам пераможца, палітык дакладна ведае, на што ў сваёй перадвыбарнай праграме любы кандыдат у дэпутаты проста не мае права не звяртаць увагі.

Юрась Губарэвіч:
"Няправільна будзе калі кандыдат не цікавіцца праблемамі мясцовымі, а выключна праводзіць лінію альбо Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, альбо ўласнай партыі і нічога іншага. Гэта рэчы, натуральна, важныя, але яны не заўсёды могуць знайсці падтрымку ў шырокага кола выбарцаў з кожнай канкрэтнай акругі".

Кажа, калі карыстацца гэтай бяспройгрышнай паліттэхналогіяй, перамога забяспечана. Хай сабе і своеасаблівая, без месца ў Авальнай зале.

Юрась Губарэвіч: "Я ўпэўнены, што, выкарыстоўваючы пэўныя тэхналогіі, а ў першую чаргу - рэальна звяртаючы ўвагу на сваіх выбарцаў, можна перамагаць. Але перамагаць - у сэнсе атрымаць падтрымку выбарцаў, атрымаць больш за 50% галасоў. Аднак сёння я не маю ніякага механізма барацьбы з фальсіфікацыямі".

У тым жа 2003 годзе дэпутатам райсавета ў Мар'інай Горцы стаў аднапартыец Губарэвіча Алесь Міхалевіч. Ён, акрамя падтрымкі выбарцаў, прычыну сваёй перамогі бачыць толькі ў сумленным падліку галасоў.

Алесь Міхалевіч: "Паколькі большасць камісіі складалася з настаўнікаў школы, у якой мяне ведалі, дзе я працаваў, то не было праблем і з падлікам галасоў. Але, на жаль, паўтарыць такі досвед сёння дастаткова цяжка і няма ніякай гарантыі, што на гэтых выбарах будзе падлік".

Палітык называе тыя ноў-хаў, якімі павінен карыстацца кожны кандыдат у дэпутаты.

Алесь Міхалевіч: "Я думаю, што асноўнае ноў-хаў - гэта якасная,нармальная праграма, добры дызайн матэрыялаў і галоўнае - данясенне гэтых матэрыялаў да выбарцаў".

Але асноўная, на яго думку, гарантыя перамогі - свае людзі ў выбарчых камісіях. Якія не пайдуць самі на фальсіфікацыі і не дазволяць рабіць гэта іншым. Адначасова ён лічыць верагодным, што на пэўнай колькасці акруг галасы дазволяць лічыць сумленна.

Актывіст Жлобінскай суполкі АГП Марат Афанасьеў быў дэпутатам некалькі разоў. Апошні - на выбарах 2003 года. Па яго словах, тады ён стаў дэпутатам толькі дзякуючы сумленнасці старшыні раённай выбарчай камісіі.

Марат Афанасьеў: "Старшыне камісіі сказалі, каб ён сфальсіфікаваў выбары. Ён адмовіўся гэта рабіць. Іх ламалі, крамсалі, і тым не менш ён сказаў: "Будзем лічыць галасы так, як яно ёсць. Нічога я падкідваць не буду і падмяняць анкеты папярэдняга галасавання не буду".  

На яго думку, з якой бы прыгожай і якасна аформленай праграмай ні ішоў на выбары апазіцыйны кандыдат, якімі бы паліттэхналогіямі ні карыстаўся - выйграе тэхналогія, распрацаваная Ярмошынай.

Марат Афанасьеў: "Чаму Ярмошына так не хоча, каб былі празрыстыя урны? Таму што там прыносяць стосамі  бюлетэні, дзе ўжо раскладзена, колькі за каго "прагаласавала". І калі мы сябраў камісіі прымушалі лічыць галасы, яны пры нас даставалі з урнаў папярэдняга галасавання акуратна складзеныя стосы бюлетэняў. Мы паспрабавалі сваіх людзей прасунуць у акруговую выбарчую камісію, сабралі подпісы. Нам адмовілі без усялякіх тлумачэнняў. Мы падалі заявы на больш чым 20 чалавек ва ўчастковыя камісіі - асноўныя фальсіфікацыі адбываюцца там - ніводага чалавека не ўключылі!"

На думку ўсіх суразмоўцаў Еўрарадыё, дэпутатамі ў 2003 годзе яны сталі выпадкова, па недаглядзе ўлады. Сёлета такога не паўторыцца. І ніякія паліттэхналогіі тут не дапамогуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі