Вы тут

Выказваем заклапочанасць: ЗША спрабуюць перамагчы кавід, а каралева — расізм

Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Навукоўцы высветлілі, што будзе, калі перавярнуць насарога ўніз галавой. Але зразумела, ёсць і важнейшыя навіны.
 

Новы план Байдэна

Джо Байдэн настолькі не цырымоніцца з кавід-дысідэнтамі, што на Fox News яго назвалі тыранам. Але сітуацыя з пандэміяй у Штатах на самай справе цяжкая: кожны дзень там паміраюць 1,5 тысячы чалавек.

Такім чынам, у Байдэна ёсць план. Усіх наймальнікаў, у якіх працуе больш за 100 чалавек, абавяжуць або штотыдзень праводзіць тэставанне на COVID, або патрабаваць ад супрацоўнікаў сертыфікат аб вакцынацыі. Новыя патрабаванні закрануць прыкладна сто мільёнаў рабочых.

Зразумела, Байдэн сутыкнуўся з крытыкай апанентаў. Яго нават абвінавацілі ў тым, што ён парушае Канстытуцыю. Але ў ЗША кожны тыдзень паміраюць тысячы людзей — і пераважна непрышчэпленых.

Так, дарэчы, штраф за адсутнасць маскі ў грамадскім транспарце ў штатах падрасце: пры першасным парушэнні могуць выпісаць штраф ад 500 да 1000 долараў, а пры паўторным — да 3 тысяч.

 

Каралева за BLM

І каралева Лізавета, і прадстаўнікі каралеўскай сям'і падтрымліваюць рух Black Lives Matter і наогул супраць расізму. Пра гэта ў эфіры брытанскага тэлеканала Channel4 сказаў першы чарнаскуры лорд-намеснік Лондана Кен Оліса.

Лорд-намеснік — гэта афіцыйны прадстаўнік брытанскага манарха на пэўнай тэрыторыі.

Ён пацвердзіў, што каралеўская сям'я адкрытая да абмеркавання тэмы расізму. Пасля нядаўняга інтэрв'ю Меган Маркл і прынца Гары гэтая тэма стала асабліва вострай, бо тады неназванага прадстаўніка каралеўскай сям'і абвінавацілі ў расізме. Нібыта гэты чалавек цікавіўся, якім будзе колер скуры ў тады яшчэ не народжанага дзіцяці Меган і Гары.

Аднак герцаг і герцагіня Сасекскія падкрэслілі: гаворка не ідзе ні пра каралеву, ні пра нябожчыка прынца Філіпа.

Самалёты зноў лётаюць у Кабул

Дакладней, пакуль што гэта толькі два самалёты. Арабскі тэлеканал Al Jazeera паказаў, як другі самалёт Quatar Airways прызямліўся ў кабульскім аэрапорце, адтуль выгрузілі гуманітарную дапамогу. Хто сядзе на борт і паляціць у адваротны бок, пакуль незразумела.

З таго часу як апошні генерал амерыканскай арміі пакінуў Кабул больш за тыдзень таму, аэрапорт колькі часу не прымаў міжнародныя рэйсы. Але вось учора тут сеў першы самалёт. На ім з Кабула паляцелі грамадзяне Канады, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі. Яны ўсе атрымалі дазвол на вылет у талібаў.

Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Афганістана спадзяецца, што рэйсаў стане больш. Два афганскія перавозчыкі гатовыя іх выконваць. А ў Афганістане яшчэ застаецца дастатковая колькасць людзей, якія хацелі б яго пакінуць.

Два гэтыя самалёты — першыя сігналы да таго, што ў іх будзе магчымасць зрабіць гэта бяспечна.

 

Што будзе з насарогам, калі яго перавярнуць

Да навін навукі. Шнобелеўскую прэмію атрымала група навукоўцаў, якая пераварочвала насарогаў, каб паглядзець, што з гэтага выйдзе. У эксперыменце ўдзельнічалі 12 насарогаў. Іх падвешвалі дагары нагамі на 10 хвілін.

Думаеце, навукоўцы звар'яцелі? Нічога падобнага. У Афрыцы насарогаў практыкуюць падвешваць за ногі, каб перавозіць іх на верталётах у рамках прыродаахоўных работ. Навукоўцы вырашылі высветліць, ці так гэта бяспечна для жывёл.

Аказалася, што такі спосаб падарожжаў для насарогаў вельмі нават прыдатны. Прынамсі, яны рэагуюць лепш, чым калі іх перавозяць у становішчы лежачы на грудзях або на баку.

Пераможцам трэба сабраць трафей самастойна з раздрукоўкі PDF. А яшчэ яны атрымалі грашовы прыз: падробленую зімбабвійскую банкноту ў 10 трыльёнаў долараў. Атрымальнікі пажартавалі: усё ў парадку, яны заўсёды знаходзяцца ў пошуках грантаў.

Калі на тое, спярша каманда не ведала, як рэагаваць на ўзнагароду. А потым вырашыла: калі нешта прымушае вас спачатку пасмяяцца, а потым задумацца, гэта добра. Навукоўцы вось ужо задумаліся: здаецца, пара правесці падобнае даследаванне ў дачыненні да сланоў і жырафаў: можа, і ім спадабаецца падарожнічаць верталётамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.