Вы тут

Выказваем заклапочанасць: ваенныя сакрэты ў бутэрбродзе і тур у космас на пенсіі

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Палякі не хочуць выходзіць з ЕС — але іх пакуль ніхто і не прымушае. А Кім Чэн Ын не хоча, каб яго народ глядзеў паўднёвакарэйскія драмы. Але што б ён ні рабіў, паўночныя карэйцы дасціпнейшыя. Або, калі хочаце, неймавернейшыя.
 

Ніхто нікуды не выходзіць

У выходныя 100 тысяч чалавек сабраліся ў Варшаве, каб заявіць: яны супраць усякіх спробаў вывесці Польшчу з ЕС. У адказ урад заявіў: ён і не збіраўся выводзіць Польшчу з ЕС. Дык што ж там адбываецца і адкуль узяўся "полэксіт"?

Рэч у тым, што Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэнне: польскае заканадаўства мае прыярытэт над законамі ЕС. Гэта першы такі выпадак за ўсю гісторыю існавання блока. У ЕС заявілі, што зробяць усё магчымае для таго, каб блок жыў па адных правілах.

Прыхільнікі еўраінтэграцыі ў Варшаве занепакоіліся: а ці не чакае іх "полэксіт"? Вырашылі не адкладаць і тут жа абвясціць ураду: мы з ЕС не выйдзем.

У 2015 годзе ў Оксфардскі слоўнік дадалі слова "брэксіт". Але слова "полэксіт" пакуль рана ўносіць у слоўнік.

 

Не чытай, не балбачы, не насі джынсаў

Кім Чэн Ын вырашыў, што ён быў занадта мяккі. КНДР прыняла закон, які строга карае за захапленне замежнымі фільмамі, адзеннем — нават за слэнг належыць пакаранне.

Кожнаму, каго ў КНДР зловяць з вялікай колькасцю амерыканскіх, японскіх ці паўднёвакарэйскіх газет, пагражае смяротнае пакаранне. За чытанне або прагляд гэтых варожых медыя можна заехаць у лагер на 15 гадоў.

Для тых чытачоў Еўрарадыё, хто вырашыць, што гэта можа спрацаваць, раскажам пра знаходлівасць жыхароў КНДР. Калі там забаранілі замежныя фільмы, людзі перадавалі іх на флэшках, кадуючы носьбіты такім чынам, каб змесціва выдаляліся пасля аднаго няправільнага ўводу пароля.

Карэйцы неймаверныя, ці не так?

 

Флэшка ў бутэрбродзе

Калі вы яшчэ не паглядзелі новага "Бонда", раскажам вам лепшую гісторыю. Амерыканскага вайсковага інжынера абвінавачваюць у спробе прадаць іншай дзяржаве дакументы амерыканскага вайсковага флоту за 100 тысяч долараў крыптавалютай.

Яго прапанову пра супрацоўніцтва, адрасаваную неназванай краіне, перахапілі. А потым перахапілі бутэрброд з арахісавым алеем, у якім інжынер схаваў флэшку з ваеннымі сакрэтамі.

Заўтра ён паўстане перад судом разам са сваёй жонкай. Не можам не заўважыць, што атамныя падводныя лодкі — проста ньюсмейкеры года.
 

Ніколі не позна

Названы самы папулярны напрамак для падарожжаў у 2021 годзе. І гэта — космас.

Не паспела расійская здымачная група дабрацца да МКС, дзе будуць здымаць некалькі сцэн для фільма "Выклік", як канадскі актор Уільям Шатнэр таксама сказаў, што хоча ў космас. І паляціць.

Шатнэр раней здымаўся ў касмічнай эпапеі Star Trek. Ён сыграў ролю капітана зоркалёта "Энтэрпрайз". Ён хоча адправіцца ў палёт на борце New Shepard, касмічным караблі кампаніі Джэфа Безаса.

Шатнэр здымаць нічога не плануе — ён проста хоча ўбачыць космас і Зямлю з космасу.

Вой, мы нешта забыліся: яму 90 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.