Выказваем заклапочанасць: у прыроды дрэнныя навіны, затое ў Лондана добрыя

Агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Каранавірус без папярэджання сыходзіць з Англіі. І ніхто не можа зразумець чаму. А прырода працягвае палохаць паводкамі і ляснымі пажарамі. І тут усім зразумела чаму.
 

COVID сыходзіць з Англіі па-англійску

У Англіі рэзка знізілася колькасць выпадкаў COVID-19. І ніхто не можа зразумець чаму.

Колькасць зарэгістраваных выпадкаў COVID знізілася на 36% усяго праз тыдзень пасля адмены ўсіх каранцінных абмежаванняў.

На востраве гадаюць, з чым гэта звязана. З тым, што нарэшце скончыўся чэмпіянат Еўропы па футболе? Або з тым, што на вуліцы цёпла і людзі менш часу праводзяць у памяшканнях, заражаючы адно аднаго? Або з тым, што ніхто не хоча сядзець на ізаляцыі і імкнецца не кантактаваць з тымі, хто можа быць кавід-станоўчым?

Ніхто не разумее, што адбываецца. Ну а вакцынаваныя турысты з ЗША і ЕС, якія з гэтага дня могуць прыязджаць на большую частку брытанскай тэрыторыі без каранціну, могуць проста парадавацца. А беларусы могуць проста парадавацца за турыстаў з ЗША і ЕС, што нам яшчэ застаецца.

 

Байдэн увёў санкцыі

Гаворка пра Кубу. Санкцыі закранулі двух высокапастаўленых супрацоўнікаў кубінскай паліцыі. Прычына — задушэнне антыўрадавых дэманстрантаў.

Санкцыі абвясцілі напярэдадні сустрэчы Байдэна з палітыкамі кубінска-амерыканскага паходжання. Мінфін паабяцаў працягваць пайменна называць тых, хто "спрыяе ўдзелу кубінскага рэжыму ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека".

Байдэн пастараецца прыдумаць не толькі як пакараць чыноўнікаў, але і як дапамагчы кубінцам, асабліва палітычным зняволеным. Ён сказаў, што яго адміністрацыя якраз вывучае, як можна вярнуць на востраў інтэрнэт і магчымасць здзяйсняць грашовыя пераводы на Кубу. Цяпер тыя сваякі кубінцаў, што жывуць у ЗША, нават не могуць адправіць ім грошы, таму што баяцца, што большую частку канфіскуе рэжым.

Вялізны горад тоне

Да канца стагоддзя ў Афрыцы можа з'явіцца Атлантыда. Толькі без скарбаў.

Самы густанаселены горад Афрыкі хутка можа стаць непрыдатным для жыцця. Цяпер абстаноўка там такая: пасажыры аўтобусаў стаяць па калена ў вадзе, дамы затопленыя вадой. Так горад Лагас выглядае ў сезон дажджоў.

Жыхары Нігерыі, самай густанаселенай краіны Афрыкі, прывыклі да штогадовых паводак. Але тое, што здарылася ў гэтым ліпені, здзівіла нават іх.

Паводкі паралізуюць эканоміку, іх шкода ацэньваецца прыкладна ў 4 млрд долараў у год. Дрэнажныя сістэмы не абслугоўваюцца, горад расце. Усё гэта пагаршаецца зменамі клімату і павышэннем узроўню мора. Да канца стагоддзя гэты горад, у якім жыве 24 млн чалавек, можа стаць непрыдатным для жыцця.

 

Лясныя пажары

З сярэдзіны мінулага тыдня Турцыя змагаецца з пажарамі. На жаль, двое пажарных загінулі ў гэтай барацьбе.

З мінулай серады па ўсёй краіне ўспыхнулі ўжо 111 пажараў. Турыстаў эвакуююць у тым ліку на лодках, каб вызваліць дарогі для пажарных машын і карэт хуткай дапамогі.

Дамы, фермы — у пажарах людзі губляюць усё. У правінцыі Анталія пашкоджана не менш за 77 дамоў і загінула больш за 2000 сельскагаспадарчых жывёл.

Навіны пра катастрафічныя пажары і паводкі па ўсім свеце ў СМІ цяпер суправаджаюць каментаром "а мы ж казалі". І нагадваюць, што навукоўцы дзесяцігоддзямі папярэджвалі, што змены клімату прынясуць з сабой экстрэмальныя ўмовы надвор'я, абложныя дажджы і смяротныя паводкі.

Або больш канструктыўнымі заклікамі: пачаць змагацца са зменамі клімату трэба вось проста цяпер.

 

І трохі натхнення з Ла-Манша

Пакуль у алімпійскім Токіа скандал за скандалам, раскажам, што адбываецца ў іншай частцы планеты. 56-гадовая паралізаваная англічанка Крэйг плануе пераплысці Ла-Манш у складзе эстафетнай каманды. Сябры каманды будуць па чарзе плыць на працягу гадзіны.

Калі ўсё атрымаецца, яна стане першым чалавекам з поўнай траўмай спіннога мозгу, які пераплыве Ла-Манш без гідракасцюма.

Крэйг працавала ў лонданскай паліцыі, удзельнічала ў марафонскіх забегах і трыятлоне. У 2001 годзе, калі яна ехала на ровары, яе збіла машына.

"Некаторыя людзі думаюць, што іх жыццё скончана, — сказала яна. — Усё роўна, ёсць інваліднасць або няма, але часам мы думаем, што нічога не можам зрабіць", — кажа Крэйг і збіраецца натхніць усіх людзей свету ў роспачы на заваяванне новых вяршынь. Ці, у яе выпадку, новых дыстанцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі