Выказваем заклапочанасць: адносіны на адлегласці і плед для дрэва

Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Здаецца, налета можна будзе адпачываць у Рыміні. Італія стала першай еўрапейскай краінай, якая каранавірус вырашыла перамагчы валявым рашэннем: усе, хто хоча працаваць, павінны прышчапіцца. Там ужо зрабілі прышчэпку тры чвэрці насельніцтва.

ЗША трэба будзе справіцца з новым міграцыйным крызісам — і Афганістан тут ні пры чым. А яшчэ паразумецца з Кітаем і Еўропай: што гэта яшчэ за нечаканае сяброўства з Аўстраліяй?

 

Сяброўства са скандалам

Сяброўства ЗША, Аўстраліі і Вялікабрытаніі памацнела, і за межамі гэтага трыкутніка гэта мала каму спадабалася.

Учора краіны заявілі пра заключэнне трохбаковага пакта аб бяспецы АУКУС — назва ўтворана ад першых літар англамоўных імёнаў гэтых краін. Каму гэта не спадабалася?

Па-першае, Кітаю, які лічыць, што гэта агрэсія на яго адрас і дэманстрацыя менталітэту часоў халоднай вайны.

У Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, дарэчы, таксама закідалі пытаннямі: а ці не ўцягвае ён краіну ў патэнцыйную вайну з Пекінам?

Па-другое, пакрыўдзілася Францыя. Рэч у тым, што прапанова ЗША падзяліцца тэхналогіямі ў сферы будаўніцтва падводных лодак з Аўстраліяй парушыла планы Парыжа. Цяпер Аўстралія скасуе кантракт з французскай кампаніяй. МЗС Францыі ўжо назваў гэта літаральна ўдарам у спіну.

Увогуле, на міжнароднай арэне завязваюцца цікавыя "адносіны на адлегласці", за якімі сочыць увесь свет.

 

Гуманітарны крызіс на мяжы

Тысячы чалавек сабраліся на мяжы і жывуць у жудасных умовах. І гэта не тая мяжа, якую вы ўявілі.

Міграцыйны крызіс пачаўся на мяжы ЗША і Мексікі. Мост цераз раку Рыа Грандэ злучае мексіканскі Сьюдад-Акунья і штат Тэхас. Дзесяць тысяч чалавек спяць і жывуць пад гэтым мостам. Тэмпература паветра — 37 градусаў.

Мігранты выстройваюцца ў чаргу, каб перайсці мяжу, быць затрыманымі амерыканскім памежным патрулём — і запытаць прытулак.

Людзі ідуць сюды ў асноўным з Гаіці — краіны, у якой нядаўна забілі прэзідэнта, краіны, у якой гуманітарны крызіс стаў яшчэ вастрэйшым.

Праблема міграцыі ў рэгіёне абвастрылася. Толькі ў мінулым месяцы ўлады затрымалі на мяжы каля 195 тысяч нерэгулярных мігрантаў.

Вам каву з сабой?

Так, калі ў вас няма "зялёнага пропуску". Такімі былі правілы ў Італіі ўжо ў гэтым жніўні. А цяпер без "зялёнага пропуску" можна будзе не прыходзіць не толькі ў кавярню, але і на працу.

Італія была першай краінай Еўропы, якую скасіў каранавірус. І яна стала першай краінай Еўропы, якая вырашыла дзейнічаць рашуча і патрабаваць ад усіх італьянцаў, якія працуюць, кавід-пашпарты.

Работнікі і прыватнага, і дзяржаўнага сектараў абавязаныя будуць прад'яўляць доказы вакцынацыі або вынікі адмоўнага тэста на каранавірус з 15 кастрычніка. Для тых, хто нядаўна перахварэў, могуць замяніць гэтыя дакументы даведкай аб выздараўленні.

У Італіі не спрачаюцца: толькі вакцынацыю там бачаць ключом да вяртання да старога жыцця. Каля 75% жыхароў краіны, старэйшых за 12 гадоў, ужо цалкам вакцынаваліся. Тут таксама нічога дзіўнага: з 6 жніўня для ўваходу ў музеі, галерэі, спа-салоны патрэбны "зялёны пропуск". Каб перакусіць унутры ўстановы — таксама.

Даволі просты спосаб пераканаць чалавека прышчапіцца: прыгразіце яму, што без "зялёнага пропуску" ўсю восень будзе піць каву толькі на тэрасе.

 

Плед для секвоі

Пажар бушуе ў каліфарнійскім нацыянальным парку. Ёсць апаска, што агонь можа дабрацца да гіганцкага лесу — тут растуць некалькі самых вялікіх дрэў на свеце.

Тут жа расце дрэва генерала Шэрмана. Яму 2,5 тысячы гадоў, гэта самае вялікае дрэва на свеце. Каб абараніць дрэва ад пажару, яго абгарнулі вогнетрывалай "коўдрай" — алюмініевай фольгай.

Эксперты кажуць, што секвоі — вельмі ўстойлівыя дрэвы, яны эвалюцыянавалі так, каб выжываць нават у агні. Але калі ты самая вялікая секвоя на свеце, лепш не рызыкаваць сабой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі