Вы тут

Выбухі, "найвышэйшы пілатаж", танкавы дрыфт: што здаралася на парадах у Беларусі

Ваенная тэхніка едзе на парад / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Учарашні "крывавы салют" на День Незалежнасці ў Мінску — далёка не першае здарэнне, звязанае з трапляннем цяжкай ваеннай тэхнікі на вуліцы горада і святочнымі феерверкамі. Выбух каля Стэлы ў 2008 годзе, самалёт, які згубіўся паміж дамамі ў 2010-м, танкавы дрыфт па мокрым асфальце і іншыя выпадкi, якія толькі дзякуючы шчаслівай выпадковасці не прывялі да гібелі людзей, — усё гэта было, і было зусім нядаўна. Ці навучаць нас нечаму гэтыя гісторыі?

2008 год. Выбух на День Незалежнасці

Апоўначы 4 ліпеня 2008 года пасля святочнага салюта каля стэлы "Мінск — горад-герой" у раёне праспекта Пераможцаў выбухнула самаробнае выбуховае прыстасаванне. Літровы пакет з-пад соку "Садочак" быў начынены балтамі, гайкамі і выбухоўкай. За дзве гадзіны да здарэння выявілі і абясшкодзілі яшчэ адзін пакет.

Ад выбуху пацярпела 46 чалавек. Па факце выбуху была заведзеная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 "Злоснае хуліганства". Праз некалькі гадоў у арганізацыі выбуху прызналіся Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, абвінавачаныя таксама ў арганізацыі тэракту на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску. Паводле выраку суда хлапцоў расстралялі.

Пасля выбуху ў 2008 годзе меры бяспекі на масавых мерапрыемствах сталі больш жорсткімі. Менавіта з тых часоў месца правядзення свята агароджваюць рамкамі, людзей прапускаюць праз металадэтэктары, а напоі ў святочную зону дазваляюць праносіць толькі ў пластыкавых бутэльках ёмістасцю не больш за паўлітра.

2010 год. "Найвышэйшы пілатаж" у небе над сталіцай

Інцыдэнт здарыўся падчас паказальных палётаў авіяцыі на святкаванні Дня Перамогі каля стэлы "Мінск — горад-герой". У небе ледзь не сутыкнуліся бамбардзіроўшчык Су-24 і штурмавік Л-39.

Тады прэс-сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык заявіў, што ніякай пазаштатнай авіясітуацыі на парадзе ў Мінску не было: увесь пралёт паветранага эшалона быў праведзены ў адпаведнасці з заданнем без якіх-небудзь нюансаў і хібаў.

Аднак па відэа і фатаграфіях было ясна відаць, што самалёты ляцяць занадта нізка. І, мяркуючы па шлейфе ад заканцовак, актыўна манеўруюць.

На шчасце, тады абышлося без ахвяр.

2014 год. Аварыя дзвюх бронемашын

Два браневікі сутыкнуліся падчас рэпетыцыі парада ў 2014 годзе. Інцыдэнт адбыўся каля ўніверсама "Рыга" праз недатрыманне дыстанцыі. Сутыкненне не паўплывала на рух калоны — пасля секунднай затрымкі ваенныя машыны працягнулі рух.

2014 год. Задымленне танка

Пасля завяршэння чарговай рэпетыцыі парада ўжо па дарозе ў вайсковую частку загарэўся танк. Інцыдэнт адбыўся ноччу ў раёне скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Каліноўскага. Салдаты самастойна патушылі агонь. Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца, выявілі, што ўзгаранне адбылося не ў маторным адсеку, а выкліканае трапляннем тэхнічнай вадкасці на разпаленыя часткі рухавіка.

Танкавы дрыфт

2012 год. Танк занесла на Арлоўскай

Танкавы дрыфт на вуліцах Мінска — традыцыя даўняя. Самы ранні задакументаны выпадак здарыўся ў 2012 годзе на вуліцы Арлоўскай. Пасля парада, калі ваенная калона рухалася назад на базы, танк наехаў на бардзюр. Адзін з відавочцаў здарэння распавёў, што танк "пачало насіць па дарозе, відаць было, што яго спрабавалі выраўнаваць, але сыходзілі ў занос толькі мацней". На тратуары знаходзіліся людзі, але, на шчасце, яны здолелі пазбегнуць сутыкнення з танкам, ніхто не пацярпеў.

2017 год. Танк збіў слуп на праспекце

Падчас рэпетыцыі парада на Дзень Незалежнасці танк урэзаўся ў ліхтарны слуп каля станцыі метро "Маскоўская".

Ваенная тэхніка калонай рухалася па праспекце Незалежнасці. Адзін з танкаў на вялікай хуткасці развярнуўся і сутыкнуўся з ліхтарным слупом і дрэвам. На шчасце, ніхто не пацярпеў, акрамя слупа і дрэва. Танк падрапаў борт.

2019 год. Занос танка на вуліцы Сурганава

Здарэнне адбылося позна ўвечары 3 ліпеня на вуліцы Сурганава, калі ваенная тэхніка вярталася пасля парада на свае базы. Мяркуецца, што танк занесла, бо асфальт быў слізкі. На тратуары былі некалькі чалавек, адзін з іх здымаў калону на відэа. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

2019 год. Выбухі салютных установак

Падчас салюту ноччу 3 ліпеня адбылося чатыры выбухі "феерверачных вырабаў". Салютныя ўстаноўкі разбурыліся, аскепкі паранілі людзей. У выніку — адна загінулая, дзевяць параненых. Два чалавекі на дадзены момант застаюцца ў бальніцы. Вайскоўцы падчас інцыдэнту не пацярпелі.

Выбухі адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе ўсталявалі салют. Папярэдняя версія прычыны здарэння — дрэнныя зарады калібра 195 мм, вырабленыя ў Расіі. Аднак Следчы камітэт адпрацоўвае і іншыя версіі: няспраўнасць салютных установак, памылковая зарадка салютных установак, няправільная эксплуатацыя салютных установак. Заведзеная крымінальная справа.