Вы тут

Выбіваючы з Кузнечыка доступ да тг-канала, сілавікі маглі пагражаць сям'ёй

Андрэй Кузнечык / Радыё Свабода

Выбіваючы з журналіста Андрэя Кузнечыка доступ да тг-канала, сілавікі маглі пагражаць сям'ёй. Пра гэта распавёў адзін з вязняў Акрэсціна, які выйшаў на волю. Ён прабыў у камеры з Кузнечыкам "літаральна дзень". "У Кузнечыка выбівалі нейкія доступы да адміністравання, як я зразумеў, — кажа хлопец. — ...Андрэй першы час знаходзіўся ў напружаным стане: яму пагражалі тым, што будуць чапаць сям’ю, і ён за гэта вельмі перажываў".

Фрылансер Радыё Свабода Андрэй Кузнечык быў затрыманы ў Мінску 26 лістапада. Ён паехаў на роварную прагулку, а жонка з двума дзецьмі заставалася дома. Даволі хутка Кузнечык вярнуўся, з ім былі чатыры мужчыны ў цывільным. Яны правялі ператрус, а пасля забралі журналіста з сабой.

Акурат у той вечар адміны Радыё Свабода часова згубілі кантроль над сваім тг-каналам: там з'явіліся спасылкі на праўладныя каналы.

Кузнечык быў асуджаны на 10 сутак арышту за "дробнае хуліганства". Да іх дадалі яшчэ 10 сутак. 15 снежня на волю ён не выйшаў.

Той жа хлопец бачыў на Акрэсціна заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса і прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева. "Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка, — расказвае ён. — Іх збілі, у кватэры трушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.