Вяшчання ўкраінскага канала на Беларусь не будзе — прэзідэнтаў не так зразумелі?

У тэлевізарах беларусаў украінскі канал побач з БТ і НТВ не з’явіцца. І выглядае на тое, што ад пачатку дамоўленасці пра гэта паміж кіраўнікамі Украіны і Беларусі не было.

Інфармацыя пра нібыта дасягнутую дамоўленасць аб трансляцыі ў нашай краіне Першага нацыянальнага канала Украіны (УТ-1) упершыню з’явілася 21 снежня 2014 года, пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Кіеве. А ўжо 23 снежня міністр інфармацыйнай палітыкі Украіны Юрый Стэць напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: “Сёння адбылася тэлефонная размова з калегай з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Дамовіліся ў бліжэйшы час узгадніць і рэалізаваць усе тэхнічныя і лагістычныя задачы для запуску ўкраінскага вяшчання на тэрыторыі Беларусі ўжо ў студзені”.

Але на пачатку студзеня нават Генеральны дырэктар УТ-1 Зураб Аласанія ў інтэрв’ю Еўрарадыё не мог адказаць, як і калі вяшчанне на Беларусь будзе арганізаванае.

Зураб Аласанія: “Я не вельмі разумею афіцыйную пазіцыю бакоў, бо не атрымліваў ні ад беларускага, ні ад афіцыйных украінскіх уладаў указанняў, што мы павінны нешта зрабіць, каб выходзіць у Беларусі. Магчыма, я іх яшчэ атрымаю. Тады атрымліваецца, што гэта я павінен звярнуцца да афіцыйных уладаў Беларусі па дазвол на вяшчанне. Калі такое будзе, то я адразу гэта зраблю. Мы будзем рады вяшчаць на Беларусь, але пакуль што такога не было”.

З таго часу мінула 10 месяцаў, вяшчанне так і не пачалося, а Зураб Аласанія прызнаецца, што іх канал ужо і не ўзгадвае пра былыя планы прэзідэнтаў.

“Я быў бы, вядома, шчаслівы (Каб УТ-1 пачаў вяшчаць на Беларусь, — Еўрарадыё). Мы нават на Казахстан ужо свой сігнал праз спадарожнік аддалі — хлопцы спецыяльна прыязджалі і прасілі. А з Беларуссю, роднай і блізкай, я вось дамаю — ну як жа так!”, — кажа гендырэктар УТ-1.

Зураб Аласанія

 

Праўда, цягам гэтага года часам з’яўлялася інфармацыя, што на Беларусь будзе перадавацца не УТ-1, а новы тэлеканал, створаны Міністэрствам інфармацыйнай палітыкі Украіны адмыслова з мэтай супрацьстаяння расійскай прапагандзе на замежжа — Ukraine Tomorrow. Вось толькі і яна не пацвердзілася. Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі, для таго, каб “распаўсюджваць замежнае СМІ ў Беларусі, неабходна атрымаць дазвол Мінінфарма. Але ніхто за такім дазволам не звяртаўся”.

Атрымаць з гэтай нагоды каментарый міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны Юрыя Стэця не атрымліваецца — ён, нібыта, пастаянна заняты і не можа размаўляць.

Тым не менш, ад дасведчанай крыніцы ва ўкраінскай медыясферы Еўрарадыё даведалася, як на самой справе дасягалася дамоўленасць пра вяшчанне на Беларусь украінскага канала:

“Справа была так: напрыканцы сустрэчы ў вярхах нашы ціхенька намякнулі Аляксандру Рыгоравічу: “Калі ў нас усё так добра складваецца (З пасярэдніцтвам Мінска на перамовах па канфлікце ва Украіне, — Еўрарадыё), то, можа, прыспеў час хаця б адзін украінскі канал перастаць глушыць?”. Ваш кіўнуў, але паколькі выходзіць на прэс-брыфінг адмовіўся, то ўкраінскі бок, не маючы цвёрдай упэўненасці ні ў чым, узгадаў “адзін украінскі канал” у рэлізе. Вось і ўсё. Пасля гэтага ніхто з афіцыйных колаў нічога ні разу не прадпрыняў. Каналы, вядома, Лукашэнка не "разглушыў"”.

Кіраўнік УТ-1 Зураб Аласанія на пытанне Еўрарадыё наконт беларускіх “глушылак” украінскіх каналаў адказвае станоўча.

“Глушылкі былі паўсюль у часы Савецкага Саюза, але ва Украіне іх у свой час разабралі і выкінулі. А ў вас іх не толькі падтрымліваюць у працоўным стане — яны па-ранейшаму функцыяніруюць. І на межах з былым Савецкім Саюзам яны таксама ёсць”.

Па яго словах, сігнал УТ-1 не кадуецца, і калі б яго не глушылі, то “траціна Беларусі магла б гэта бачыць проста так”, без усялякага спадарожніка.

Ёсць там тыя глушылкі ці няма — пытанне другое. На першым месцы абяцанне, што беларусы змогуць пры жаданні выбіраць паміж беларускім, расійскім і украінскім каналам, ніхто выконваць не збіраецца. І нават не вядома, ці сапраўды была тая дамоўленасць паміж кіраўнікамі нашых краін.

Фота: з архіва Зураба Аласанія, ru.tsn.ua