“Глядзець наш канал ці НТВ, выбіраць беларусам, але ў нас шмат цікавага"

Цалкам размова з Зурабам Аласанія: 

Еўрарадыё: Гучала інфармацыя, што ўжо да канца студзеня беларусы будуць мець магчымасць глядзець Першы нацыянальны канал Украіны. Але як сказалі Еўрарадыё ў Мінінфарме Беларусі, да іх яшчэ паперы з просьбай пра дазвол на трансляцыю вашага канала не прыходзілі. Дык што з вяшчаннем на Беларусь?

Зураб Аласанія: Першы нацыянальны канал не кадзіруецца, гэта абсалютна адкрыты канал і да нас не трэба звяртацца, каб узяць наш сігнал. Я не вельмі разумею афіцыйную пазіцыю бакоў, бо не атрымліваў ні ад беларускага, ні ад афіцыйных украінскіх уладаў указанняў, што мы павінныя нешта зрабіць, каб выходзіць у Беларусі. Магчыма, я іх яшчэ атрымаю. Тады атрымліваецца, што гэта я павінен звярнуцца да афіцыйных уладаў Беларусі па дазвол на вяшчанне. Калі такое будзе, то я адразу гэта зраблю. Мы будзем радыя вяшчаць на Беларусь, але пакуль што такога не было. Плануецца візіт у Беларусь, і я толькі сёння (размова адбывалася 15 студзеня — Еўрарадыё) атрымаў намёк, што я магу быць уключаны ў склад дэлегацыі ў Мінск (кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне — Еўрарадыё). Магчыма, у той жа час у нас пройдуць і на гэтую тэму перамовы. Я буду гатовы, асабліва калі гэта адбудзецца яшчэ да канца гэтага месяца.

Еўрарадыё: Дык яшчэ не вядома, калі ўкраінская дэлегацыя прыедзе  Мінск?

Зураб Аласанія: Яны ж адклалі візіт, я пра тую сустрэчу, што мусіла адбыцца 16 студзеня, і пакуль яшчэ не прынятае рашэнне, калі. Гэта будзе залежаць шмат ад якіх фактараў. Я не думаю, што сустрэчу адкладуць на працяглы час, і спадзяюся, што я да дэлегацыі далучуся.

Еўрарадыё: І падчас візіту будзеце з нашымі чыноўнікамі з Мінінфарму вырашаць пытанне трансляцыі на Беларусь?

Зураб Аласанія: Так, буду высвятляць наўпрост: які дакументы неабходныя, каб пачаць вяшчанне на Беларусь. Бо мы, канечне ж, толькі за такую магчымасць.

Еўрарадыё: Цяпер мы гаворым пра вяшчанне на Беларусь, але першапачаткова па выніку перамоў кіраўнікоў Беларусі і Украіны ішла размова пра стварэнне нейкага сумеснага беларуска-ўкраінскага канала…

Зураб Аласанія: Я такія размовы чую дастаткова даўно. Прычым на самых розных узроўнях і паміж самымі рознымі краінамі. Гэта робіць Савет Еўропы, гэта робіць некалькі прыбалтыйскіх дзяржаў. Быў я ў Празе, і там мы на гэты конт вялі размовы. Шмат розных праектаў у гэтым кірунку, але пакуль што ўвасаблення хаця б аднаго з іх я не бачыў на практычным узроўні.

Еўрарадыё: На вашую думку, як павінная выглядаць праграма вашага канала ў Беларусі: проста транслюецца ўсё тое ж самае, што ідзе на Украіну, ці для беларусаў рыхтуюцца нейкія спецыяльныя праграмы?

Зураб Аласанія: Мяне таксама гэтае пытанне вельмі цікавіць! Я б з радасцю ўвайшоў у клінч з калегамі з Беларусі, і мы б задавальненнем рабілі і сумесныя праграмы, і спецыяльныя праграмы для Беларусі. Калі гэта неабходна беларускім калегам. Але думаю, што спачатку вяшчанне будзе такім: як ёсць, так і будзем выдаваць на Беларусь. А далей ужо нашы прафесійныя справы.

Еўрарадыё: Такім чынам, да канца гэтага месяца, а то і наступнага, чакаць пачатку трансляцыі УТ-1 на Беларусь не даводзіцца — не робіцца справа так хутка?

Зураб Аласанія: Вы маеце рацыю. Узровень нашых прэзідэнтаў значна вышэйшы за тэхнічныя падрабязнасці — наўрад ці яны ведаюць, як хутка гэта робіцца (арганізоўваецца трансляцыя на іншую краіну — Еўрарадыё). Я ўвогуле мяркую, што на сустрэчы гэтая ідэя ўзнікла абсалютна спантанна. Не ведаю, хто яе прапанаваў, але мне падаецца, што такая парывістасць больш падобная да Аляксандра Лукашэнкі — мяркую, ён гэта прыдумаў. Бо калі гэта ішло з нашага боку, то я б хутчэй за ўсё на сустрэчы прысутнічаў. Як гэта, да прыкладу, было ў выпадку з сустрэчай з прэзідэнтам Літвы. Бо там размова аб сумесным вяшчанні нашага грамадскага тэлебачання і тэлебачання Літвы ішла. А паколькі прапанова з беларускага боку ўзнікла нечакана, нашы не паспелі падрыхтавацца. Таму маеце рацыю — наўрад ці да канца месяца вяшчанне на Беларусь будзе.

Еўрарадыё: Мяркуецца, што ваш канал будзе даваць альтэрнатыўную інфармацыю пра падзеі ва Украіне. Вы зможаце ў гэтым канкураваць з расійскімі каналамі, якія вельмі папулярныя ў Беларусі?

Зураб Аласанія: Разумееце, Першы нацыянальны з’яўляецца альтэрнатыўным каналам нават тут, ва Украіне. Бо тут людзі хутчэй чакаюць прапаганды і контрпрапаганды, чым Першы нацыянальны не займаецца. Мы ахопліваем усё, што адбываецца, але факты і праўда — гэта наша ўсё. Класіка стандартаў журналістыкі, ні больш, ні менш. Нават у такія складаныя часы. Таму інфармацыю дакладна будуць атрымліваць і вельмі хутка зразумеюць, што яна не скажоная. Нават — на карысць Украіны.

Еўрарадыё: Ці зможаце вы дамагчыся таго, каб ваш канал быў уключаны ў асноўны пакет беларускіх праграм, каб ён стаяў на, да прыкладу, трэцяй кнопцы на пульце, пасля БТ і НТВ?

Зураб Аласанія: Канечне, мы будзем на гэтым настойваць, будзем за гэта біцца, як на звычайным медыйным рынку любой з краін. Але я адназначна за тое, каб у чалавека быў выбар. Наш выхад на беларускі рынак не азначае, што ў Беларусі павінныя заглушыць, да прыкладу, НТВ. Пакуль на гэты конт няма адмысловага рашэння суду. Гэтак жа, як і ва Украіне — у людзей мусіць быць выбар. У нас прыкладна 25% насельніцтва глядзіць спадарожнікавае тэлебачанне. А там, прабачце, забараніць украінскім рашэннем немагчыма нічога. Таму хутчэй альтэрнатыва — выбар, а не забароны і рашэнне некуды як мага далей засунуць. Калі людзі маюць выбар, яны самі вырашаюць, што глядзець.

Еўрарадыё: Але прыцягнуць увагу замежнага гледача, як мне падаецца, даволі складана трансляцыямі пасяджэнняў Вярхоўнай Рады і Кабінета міністраў — а яны ў вас ёсць. Будзеце іх усё адно паказваць беларусам ці нечым замяняць?

Зураб Аласанія: Думаю, што заменім, але насамрэч мы не абавязаныя гэта рабіць. Папраўдзе, Першы нацыянальны ўжо на палове дарогі да грамадскага вяшчання, мы адыходзім ад статусу дзяржаўнага канала. Але ведаеце, якая цікавая сітуацыя: найбольш рэйтынгавыя ў нас — выступы прэзідэнта альбо справаздачы прэм’ер-міністра. Разумею, што гэта найперш цікава ўкраінцам: людзі хочуць ведаць, чаго чакаць ад ураду. І разумею, што гэта абсалютна не цікава будзе беларусам, і мы знойдзем, чым гэта замяніць. Гэта не праблема — у нас вялікія сувязі з еўрапейскімі грамадскімі вяшчальнікамі, і нам вельмі дапамагаюць з кантэнтам: і з фільмамі, і з забаўляльнымі праграмамі, і з “дакументалкай” — там выдатная якасць! Так што ёсць што паказаць.

Еўрарадыё: Тым не менш беларусы шчыльна сядзяць на расійскіх серыялах — складана будзе гэтую звычку перабіць нечым вартым…

Зураб Аласанія: Мы будзем вельмі старацца. У нас тая ж самая праблемы, прычым вялізная. Я чаму з вамі сёння доўга не мог гаварыць: сядзеў на пасяджэнні Нацыянальнага савета, які акурат вырашаў праблемы з гэтага шэрагу. У нас у навагоднюю ноч самы папулярны тэлеканал краіны “Інтер” паказваў расійскі канцэрт “Блакітны агеньчык”. Быў вялікі скандал, і вырашалі, што цяпер з гэтым рабіць. Закон ён нібыта не парушыў, а вось мараль і журналісцкую этыку, тым больш часоў вайны, нібыта так. І вось мы сёння вынеслі папярэджанне гэтаму каналу. Шчыра кажучы, складана знайсці мяжу паміж выкананнем і невыкананнем свабоды слова ў ваенны час… Каб занадта моцна не націснуць і не выліць дзіця разам з вадой з ванны. 

Фота: http://1tv.com.ua/, golos.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі