Вярхоўны суд зноў падтрымаў Мінюст, які не хоча рэгістраваць Рух "За Свабоду"

Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі праваабарончага асветнага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду". Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з сябраў аргкамітэта па стварэнні аб'яднання Юрый Губарэвіч.
Нагадаем, сябры аргкамітэта падалі скаргу ў Вярхоўны суд 15 ліпеня. Заснавальнікі лічаць незаконным рашэнне Мінюста ад 19 чэрвеня аб адмове ў рэгістрацыі на падставе парушэння сябрамі руху патрабаванняў заканадаўчых актаў да пачатку яго афіцыйнай дзейнасці.

Як адзначае Губарэвіч, чыноўнік міністэрства прааналізаваў выступленні і публічныя заявы Аляксандра Мілінкевіча і іншых прадстаўнікоў руху ды прыйшоў да высновы, што рэальныя мэты стварэння і дзейнасці аб'яднання не адпавядаюць заяўленым у статуце. Рэальнымі называюцца палітычныя, а не праваабарончыя мэты стварэння руху.

Паводле словаў Губарэвіча, гэтыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі суд адхіліў. "Рашэнне аб адмове ў задавальненні скаргі грунтуецца на тым, што чалавек, які даў нам юрыдычны адрас, няправільна аформіў дакументы на прадастаўленне арганізацыі юрыдычнага адраса. Нам было адмоўлена толькі на гэтай падставе. Гэта значыць ва ўсіх астатніх спрэчных момантах суд прызнаў, што Мінюст не мае рацыі", - падкрэсліў Юрый Губарэвіч.

Гэта была ўжо трэцяя няўдалая спроба зарэгістраваць рух "За Свабоду". Яго арганізатары збіраюцца працягваць спробы легалізаваць аб'яднанне. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі