Вы тут

Вянкі, карагоды, фаершоў: як у Мінску другі раз за год адсвяткавалі Купалле

Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Беларусы святкуюць Купалле двойчы. Спачатку, згодна з традыцыямі, у самую кароткую ноч года — з 22 на 23 чэрвеня. Наступны раз — па сучасным календары, ўвечары 6 ліпеня. Народныя гулянні былі арганізаваныя ў сталіцы на некалькіх пляцоўках: Мы паглядзелі, як адзначаюць Купалле ў музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы і ў Батанічным садзе, дзе падыход да свята быў больш сучасным.

Азярцо: танцы, вогнішча, вянкі

У Азярцы (4 км на поўдзень ад мінскай кальцавой дарогі) Купалле адсвяткавалі згодна з традыцыямі. Музыкі гралі народныя песні, ладзілі карагоды ды гульні, танчылі кракавяк. Кожны жадаючы мог скокнуць праз вогнішча, а дзяўчыны пускалі па вадзе вянкі, каб знайсці свайго суджанага.

 

Батанічны сад: фаершоў, карагоды і музыкі

У Батанічным садзе на Купалле сабралася больш за тысячу гледачоў. “Магічная” частка мерапрыемства пачалася пасля таго, як сонца схавалася за гарызонт. У вялікае кола людзей выйшлі спачатку танцоры, а пасля фаершчыкі: паўаголеныя хлопцы з паходнямі, акрабаты на хадулях і казачныя персанажы.

Купальскае вогнішча і карагоды былі і тут, але скокаць праз агонь арганізатары не дазволілі праз тэхніку бяспекі.