Вялікабрытанія дазволіла нараджэнне дзіцяці ад трох бацькоў

Брытанская Палата лордаў пасля трох гадзінаў дэбатаў прыняла папраўку ў закон, якая дазваляе так званае мітахандрыяльнае донарства. Злучанае Каралеўства стане першай краінай, дзе на заканадаўчым узроўні ў дзіцяці можа быць трое бацькоў, перадае ITV.

Метад мітахандрыяльнага донарства заключаецца ў тым, што падчас штучнага апладнення акрамя генаў бацькоў выкарыстоўваюцца яшчэ і гены іншай жанчыны, якія замяшчаюць некаторыя гены маці.

Такая тэхналогія дазваляе пазбягаць шматлікіх невылечных хваробаў, што перадаюцца ў спадчыну ад маці дзіцяці. Сярод якіх слепата, дыстрафія, разумовыя разлады, а таксама захворванні сэрца, печані і нырак.

Марк Даўнс, выканаўчы дырэктар Таварыства біялогіі, заявіў, што гэта “вялікі дзень для брытанскай навукі”. Ён лічыць, што такое рашэнне “дазволіць маці, што нясуць дэфектныя мітахондрыі, мець здаровых дзяцей, свабодных ад разбуральных генетычных умоваў”.

А вось Марсі Дарноўскі, дырэктар Цэнтра генетыкі і грамадства, называе папраўку “гістарычнай памылкай”, што ператворыць дзяцей у біялагічныя эксперыменты і “назаўжды зменіць чалавечую зародкавую лінію”.

Яна таксама адзначае, што “гэты метад... адносна сыры і можа быць выкарыстаны для стварэння так званых дызайнерскіх немаўлятаў”.

Дырэктар цэнтра кажа, што “так ці інакш, гэта будуць дзеці з ДНК ад трох розных людзей у кожнай клетцы іх целаў. Ніхто не ведае, на што гэта паўплывае і якія генетычныя змены будуць перададзеныя будучым пакаленням”, перадае Reuters.

Адзначым, што працэдура мітахандрыяльнага донарства была распрацаваная навукоўцамі з Універсітэта Ньюкасла. На сённяшні дзень ужо каля 2,5 тысяч жанчын у Вялікабрытаніі выказалі жаданне нарадзіць з дапамогай гэтага метаду. Першыя роды з выкарыстаннем новай тэхнікі штучнага апладнення могуць адбыцца ўжо ў 2016 годзе, перадае Daily Telegraph.

Фота: bickfordlaw.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі