Вядомы расійскі рэгі-музыка будзе спяваць у беларускім гурце "Адзіс Абеба"

Герберт Маралес распусціў свой легендарны Jah Division і далучыўся да беларускіх растаманаў.
Найвядомейшы расійскі рэгі-музыка з кубінскімі каранямі Герберт Маралес распусціў легендарны гурт Jah Division. У бліжэйшы час ён фактычна пераходзіць другім вакалістам у беларускі калектыў “Адзіс Абеба”. Першы раз музыкі прэзентуюць супольны праект у Маскве 24 кастрычніка. У Беларусі ж прэзентацыя пройдзе напрыканцы лістапада падчас буйнога рэгі-фестывалю.

Дзіма Іваноў, вакаліст мінскага гурта “Адзіс Абеба”, распавёў Еўрарадыё, чаму мы больш не пачуем Jah Division, аднак будзем мець цудоўную магчымасць прысутнічаць падчас з’яўлення новага беларуска-расійскага рэгі-праекту:
 
Дзіма Іваноў: “Рэч у тым, што ўвесну памёр клавішнік “Jah Division” Жэня, дый з гэтай нагоды Рашэль, гітарыст, пачаў моцна піць… Вось Гера і распусціў гурт. У свой час мы хацелі запісаць пры нагодзе разам песню, а тут ён сам прапанаваў зрабіць нешта наогул разам, нейкі новы сумесны праект. Так, дарэчы, нам нават гастраляваць будзе зручней. У нас 24 кастрычніка ў Маскве будзе сольны канцэрт. Вось паедзем за некалькі дзён і будзем ужо на месцы вырашаць, што ды як, больш канкрэтна. А рэпетаваць будзем ці то напярэдадні канцэртаў у Маскве, ці неяк па-іншаму”.
 
Сам Герберт Маралес, дарэчы, сын кубінскага рэвалюцыянера, вельмі станоўча ставіцца да беларускіх “нашчадкаў” Боба Марлі. І нават лічыць, што падрыхтаваць неблагую канцэртную праграму разам з мінскімі музыкамі можна ўсяго за некалькі рэпетыцый.
 
Цікавы момант у сёлетнім аб’яднанні лідэраў расійскай і беларускай “ямайскай” музычнай традыцыі – гэта тое, што Дзіма Іваноў з Гомеля і Герберт Маралес з Масквы пазнаёміліся ва Ўкраіне, прычым непасрэдна на беразе мора:
 
Герберт Маралес: “З Дзімам я пазнаёміўся ў Лісінай Бухце ў Крыме. Ужо тады мне вельмі спадабалася, як ён спяваў папросту пад гітару песні “Адзіс Абебы”. Гэта быў сапраўдны “roots reggae!” Я ўжо тады запомніў некалькі яго песень. Потым я неаднаразова выступаў у мінскі клубе “Графіці”, дзе Дзіма працаваў поварам у свой час. Дык вось для мяне заўжды было вялікім і шчырым падарункам, калі Дзіма выходзіў падчас майго канцэрту і спяваў свае песні”.
 
Пра тое, якім будзе сумесны беларуска-расійскі рэгі праект, ані нашы суайчыннікі, ані нашчадкі кубінскіх рэвалюцыянераў не ведаюць. Аднак, гэта і немагчыма сказаць, бо ніводнай сумеснай рэпетыцыі пакуль не было. Аднак Герберт Маралес упэўнены, што кожны прафесіянальны музыка павінен быць адкрыты да ўсяго новага. Таму ў Маскве ад новага праекта па прасоўванні ідэй растафарыянтства сярод славян чакаюць толькі пазітыўных пераменаў. А сам Маралес наогул лічыць, што нават у папулярных музыкаў павінныя быць свае “куміры”:
 
Герберт Маралес: “Я таксама жывы чалавек, я – музыка, таму і мне неабходныя куміры. Вось “Адзіс Абеба” – гэта акурат такі гурт, які я вельмі шчыра люблю. Кожны раз, калі я з’яўляюся на канцэртах, мяне вымушаюць выйсці на сцэну. Я, вядома, спяваю там нешта такое накшталт “ля-ля тапаля”, аднак раблю гэта шчыра, нібыта трымаю мікрафон апошні раз у сваім жыцці!”
 
А вось сярод мінскіх фанатаў ідэй Любові, Сонца ды слабай долі ў музыцы вялікага аптымізму фактычнае аб’яднанне “Адзіс Абебы” ды “Jah Division” вялікага энтузіязму ня выклікала.
 
“Я, вядома, не тое што расчараваная такімі навінамі. Аднак ведаеце, “Адзіс Абеба” – гэта не “Jah Division” і наадварот. Што атрымаецца ў выніку такога “аб’яднання” – я шчыра не ведаю, — расказвае аматарка абодвух музычных калектываў Ліза. — Мне падаецца, што другі вакаліст “Адзіс Абебе” наогул не патрэбны. А Гера Маралес будзе там спяваць толькі з-за таго, што ён Гера Маралес. Безумоўна і іншае – новы праект будзе ў кожным выпадку нечым новым ды як мінімум цікавым. Хаця… вось калі б усё ж такі заставаўся праект “Jah Division”, асобна ад яго праект “Адзіс Абеба”, і ужо разам нейкі новы праект, дзе быў і Дзіма, і Гера – мне асабіста гэта было б больш даспадобы”.
 
Як бы там не было, аднак усе мы людзі. Таму ўсялякія перамены, нават у славянскім рэгі, павінныя ўспрымацца ўсімі аматарамі пазітыўнай музыкі менавіта пазітыўна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі