Вот із зэ кэпітал оф зэ Нэзэрлэндс?

Вядома, сталіца Галандыі — Амстэрдам. Але гэта толькі ў энцыклапедыях. Насамрэч іх як мінімум пяць: Эйндховен — для дызайнераў, Гаага — для палітыкаў, Ротэрдам — для кар’ерыстаў. Утрэхт запаланілі мастакі, а Амстэрдам турысты. Знайдзі і ты сваю сталіцу! 


Архітэктары кажуць, нібыта Галандыі не хапае кантрасту. Між тым кожны горад мае толькі яму ўласцівую атмасферу, знешні выгляд і прыцягвае да сябе, так бы мовіць, “сваіх” людзей.



Хочаш ці не хочаш, у кожным горадзе ты абавязкова знойдзеш пэўныя  дэталі, якіх не было ў іншым месцы. Напрыклад, у Гаазе амаль няма зэдлікаў, а ў Амстэрдаме рэкламных бордаў. Але пра ўсё па парадку…

Амстэрдам — гэта культурніцкі цэнтр краіны, а таксама “выспа свабоды”, бо тут галандцы дазваляюць усё: наркотыкі, прастытуцыю, любыя сродкі самавыражэння, любыя думкі. 



Амаль у кожнай краіне, калі існуе культурная сталіца, ёсць і сталіца працоўная: Пецярбург — Масква, Гродна — Мінск, Амстэрдам — Ротэрдам.



Ротэрдам  не любяць усе галандцы, акрамя тых, хто жыве там. Сапраўды, горад хіба што не самы спецыфічны. Усё таму што падчас Другой сусветнай быў цалкам разбураны і адбудаваны ў новым стылі, не падобным да стылю старых гарадоў.



Ганс  Мор: “У Ротэрдаме чалавек адчувае  паветра мадэрновага гораду — і гэта плюс. Нікога не пакінуць абыякавым прыгарады Ротэрдама.” 

Чаму  ж галандцы не любяць Ротэрдам? Гэты народ не любіць працаваць, калі гэта не прыносіць задавальненне. Галандцы лепей набудуць самы стары скрыўлены домік у цэнтры і будуць атрымліваць асалоду ад атмасферы гораду. 



Усё гэта немагчыма ў Ротэрдаме. Гэта горад  “белых каўняроў” з неверагодным тэмпам жыцця і архітэктурай, што  падаўляе цябе сваёй велічынёй. Тут стала ідзе спаборніцтва паміж паўночнай і паўднёвая часткамі горада, каб вызначыць, хто лепей.  Але калі вы хочаце адчуць, што такое жыць у капіталізме, то вам сюды!



Адам  Вісэр: “Тут, у Ротэрадаме, як і ў большасці гарадоў, існуе спаборніцтва паміж паўднёвай і паўночнай часткамі. Менавіта таму ў Ротэрадаме існуюць шмат мастоў, якія ў прамым і пераносным сэнсе злучаюць часткі горада. І толькі недзе напрыканцы XX стагоддзя паўднёвая частка параўнялася з паўночнай у сваім статусе”. 

 

Гаага — гэта горад самых розных дзяржаўным інстытуцый. Здаецца, яшчэ адзін Брусель. Але Гаага — утульная, прыбярэжная, з прыгожай старой часткай. Сур’ёзнасць гораду можна адчуць хіба што чытаючы шыльды: “Міністэрства…, Міністэрства…, Міністэрства…” Няма ніякіх дарагіх “мэрсэдэсаў” — усе на роварах, нават калі ў касцюме.



Шмат  мы чулі пра сталіцу дызайна — Эйндховен. Там можна даведацца пра самыя апошнія “забабоны” крэатыўнага свету. Самая новая тэндэнцыя галандскіх дызайнераў — займаць закінутыя, нікому не патрэбныя заводы. Там яны нічога не пераробліваюць, бо лічаць файнай атмасферу індустрыяльных будынкаў. І ў той час, калі Еўрарадыё з захапленнем распавядалі пра ўнікальнасць такой ідэі, мы агледзеліся вакол і пабачылі… Мінск! Тыя ж будынкі, тыя ж дарогі, заводы… Можа, яшчэ трошкі пачакаць — і нас назавуць сусветнай сталіцай дызайну? 

Фота: Тося Кукс

Слухай іншыя рэпартажы пра Галандыю і выйграй 2 квіткі ў Амстэрдам: "ТЭЛЕПОРТ У ГАЛАНДЫЮ"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі