Volkswagen не дазволілі запрасіць беларусаў у клан

Кампаніі-імпарцёру Volkswagen у Беларусі чарговы раз не дазволілі запусціць новую рэкламную кампанію пад лозунгам “Добро пожаловать в семью”. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, чаму чыноўнікі не разумеюць крыатыў рэкламшчыкаў і чаму беларускія бабулі абураюцца рэкламай тураператараў з выявамі дзяўчын у бікіні.

Апошні выпадак непаразумення крэатыву і бюракратыі здарыўся падчас запуску рэкламнай кампаніі Volkswagen пад лозунгам “Добро пожаловать в семью”. Асноўная ідэя аўтараў – паралель паміж набыццём машыны і адначасовым далучэннем чалавека да “сям’і” накшталт “Клана Сапрана”. Як распавёў Еўрарадыё Аляксандр Дземідовіч, кіраўнік аддзела маркетынга кампаніі-імпарцёра Volkswagen у Беларусь, чыноўнікам не спадабалася паралель з мафіяй, і праект не прынялі:

“З самага пачатку зачапіліся за тое, што ў руках галоўнага героя – сігара, а потым у выніку нам не дазволілі гэты “мафіёзны” імідж. І зараз мы вымушаныя змяняць наогул увесь візуальны шэраг”.

Усе рэкламныя праекты ў Мінску зацвярджаюць ва Упраўленні прадпрымальніцтва Мінгарвыканкаму. Намеснік начальніка Аляксандр Кудраўцаў паскардзіўся Еўрарадыё, што Volkswagen нічога афіцыйна не падаваў у Мінгарвыканкам:

“Да нас афіцыйна ніхто нічога не прыносіў і не падаваў. Таму ўсе размовы бессэнсоўныя. Так можа любы хлопчык з вуліцы прыйсці і якую-небудзь паперку сунуць, а потым чыноўнік павінен каментаваць гэтыя пытанні”.

Па словах Аляксандра Дземідовіча ў механізме ўзгаднення рэкламнай кампаніі існуе шмат хібаў. Прычым галоўная з іх – бюракратызм айчынных чыноўнікаў:

“Гэта ўсё прыносіцца чыноўніку на ўзгадненне. Калі ён гаворыць, што праект праходзіць узгадненне, то далей мы працуем без усялякіх праблемаў. Калі не ўзгадняецца, тады мы спрабуем даведацца, чаму. Аднак тут ад нас пачынаюць патрабаваць падаць афіцыйны запыт. Самае цікавае, што для таго, каб падаць афіцыйны запыт нам неабходна зрабіць фотасэсію, правесці кастынг акцёраў, дакументальна ўсё аформіць… А пасля гэтага падаць ім на ўзгадненне – і ўсё гэта дзеля таго, каб атрымаць афіцыйную адмову!”

Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да адмыслоўцаў у галіне рэкламы, каб даведацца, чаму крэатыў беларускіх рэкламшчыкаў “не праходзіць” узгадненне ў чыноўнікаў. На думку Юліі Ляшкевіч, вядомай беларускай спецыялісткі ў рэкламе, якая распрацоўвала рэкламныя кампаніі для UNISEF, кампаніі “Сябар” і лініі дзіцячай вопраткі “Маруся”, рэкламны крок з мафіяй вельмі ўдалы. А бюракраты абапіраюцца ў сваіх рашэннях на погляд незадаволеных сваім жыццём бабуляў:

“Па вялікім рахунку, гэта гумар. Прычым я бы не сказала, што ён “ніжэй за пояс”. Калі выйшла кінастужка пра Гадзілу з галоўным слоганам “Памер мае значэнне” – гэта нікога не абурыла. Дык вось гэты жарт Volkswagen’а абсалютна таго ж кшталту. Вось чаму ў свеце такія рэчы людзей рэдка калі раздражняюць, а ў нас, наадварот, вельмі? Проста бабулі могуць азбурацца “пляжнымі” рэкламамі тураў у Турцыю не з-за таго, што бачаць аголеных дзевак, а з-за таго, што ніколі ў жыцці ў гэты тур не паедуць! Так бабулі абураюцца не з-за таго, што яны бачаць, а з-за таго, што гэта сімвалы жыцця, якога яны пазбаўляюцца, сыходзячы на пенсію”.

Па словах спадара Дземідовіча, праблемы з узгадненнем рэкламных праектаў узнікаюць ва ўсіх кампаніях, дзе ўжываюць паслугі рэкламшчыкаў:

“Гэта тычыцца не толькі Volkswagen, бо такая праблема з рэкламай абсалютна ва ўсіх кампаній на гэтым рынку. Атрымліваецца, што ўсё, што выходзіць за нейкія рамкі (а крэатыў заўжды гэта робіць), трапляе пад крытыку з боку дзяржаўных органаў. І гэта, безумоўна, замінае працаваць”.

З самых вядомых “забароненых” рэкламных крокаў спецыялісты прыгадалі фільм “Халк”, піва “Бароў” і “Сябар”:

“Тое, што на маёй памяці: забаранілі рэкламу фільма “Халк” за тое, што нібыта плакаты з яго выявамі “нясуць агрэсію”. Кампаніі “Баброў” не дазволілі постэры са слоганам “Я хочу быть в тебе”. Таксама падчас рэкламнай кампаніі “Сябар” ім забаранілі вывешваць адзін з бігбордаў, на якім быў фотаздымак жаночых ног – сказалі, што гэта нейкім чынам звязана з гандлям жанчынамі”.

Як бы там ні было, а крэатыўшчыкі Volkswagen’а зараз займаюцца пераапрацоўкай рэкламнай кампаніі “Добро пожаловать в семью”. Прычым разумеюць, што, магчыма, не ў апошні раз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі