Вольга Класкоўская: Чышчу снег з дахаў стакгольмскіх дамоў

130219_luka6uk_klaskouskaia.mp3

Сямімесячнага сына ў беларускай уцякачкі Вольгі Класкоўскай прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі 6 лютага. Афіцыйная прычына — тое, што ў яе няма віду на жыхарства ў гэтай краіне і яна не можа забяспечыць сыну прымальныя ўмовы пражывання. Зараз Вольга мае магчымасць сустракацца з сынам раз на тыдзень. Чым яна жыве, хто яе падтрымлівае і пра незразумелую апантанасць шведскіх сацыяльных службаў дзяўчына распавядае Еўрарадыё, спяшаючыся на чарговую такую сустрэчу.

Еўрарадыё: Пра тое, як у цябе сацыяльныя службы Швецыі забралі сямімесячнага сына, сёння паведамляюць нават афіцыйныя беларускія СМІ. Звяртаючы ўвагу на тое, што дапамагаюць толькі беларускія ўлады — ні праваабаронцы, ні прадстаўнікі апазіцыі, ні еўрапалітыкі нічога не робяць. Гэта сапраўды так?

Вольга Класкоўская: Найперш, я зыходжу з таго, што, па вялікім рахунку, ніхто мне нічога не павінен. Ні крыўдаў, ні прэтэнзій няма. Я разлічваю на падтрымку сяброў — не магу сказаць, што ўсе яны мяне пакінулі, падтрымліваюць калегі. І, так — я разлічваю на дапамогу дзяржавы. Бо і я, і мае дзеці — мы грамадзяне Беларусі. Лічу, што маю поўнае юрыдычнае і маральнае права звярнуцца па дапамогу да беларускай дзяржавы. Крокі нашых дыпламатаў былі адразу заўважныя — літаральна праз некалькі хвілінаў, як я звязалася з амбасадай у Латвіі, яны пачалі дасылаць запыты ў шведскія ўстановы, тэлефанаваць шведскім чыноўнікам, мне.

Еўрарадыё: Не было размоў, што калі іх дапамога будзе мець плён, то табе з дзецьмі лепш вярнуцца на радзіму?

Вольга Класкоўская: Дыпламаты МЗС ніякіх умоў перад мной не ставяць. Толькі зычаць, каб усё ўлагодзілася як мага хутчэй і выконваліся мае правы маці, каб быў добры фінал.

Еўрарадыё: У цябе самой думкі ўзнікаюць паспрабаваць вярнуцца на радзіму?

Вольга Класкоўская: Я вельмі сур’ёзна разглядаю магчымасць таго, каб разам з дзецьмі як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь.

Еўрарадыё: У 2011 годзе ты ўжо вярнулася з эміграцыі на радзіму і амаль адразу займела праблемы з міліцыяй, была затрыманая. Не баішся паўтору гісторыі?

Вольга Класкоўская: Ніякага страху няма. Пасля таго, што я перажыла тут, я перастала нечага баяцца. Я не маю на ўвазе, што мне не далі віду на жыхарства, не далі магчымасці ўз’яднацца з сям’ёй, а вырвалі ў мяне майго сямімесячнага сына. Я ведаю, што ў Беларусі са мной такога б не адбылося — каб без суда і следства да мяне ўварваліся і адабралі самае дарагое.



Еўрарадыё: Калі разважала пра магчымае вяртанне, то павінна была разважаць і пра тое, чым ты на радзіме будзеш займацца, дзе і за што жыць…

Вольга Класкоўская: Я дарослая жанчына, маці дваіх дзяцей — такія практычныя рэчы прадумваю. У мяне дастаткова сілаў, досведу, мэтанакіраванасці, каб нармальна ўладкавацца і ў Беларусі, і забяспечваць хаця б самае элементарнае. Да ўсяго, у мяне там ёсць кватэра, бацькі, сябры.

Еўрарадыё: У 2011 годзе ты не доўга вытрымала на радзіме — праз некалькі месяцаў ізноў з’ехала ў Швецыю і выйшла там замуж. Як пазнаёмілася з будучым мужам?

Вольга Класкоўская: Муж працуе ахоўнікам у сацыяльным офісе. Міграцыйнае ўпраўленне накіравала мяне ў гэты офіс, каб абмеркаваць пэўныя рэчы з сацыяльным сакратаром. Там мы і сустрэліся, пазнаёміліся і закахаліся. Такая вось іронія лёсу — праз некаторы час тыя ж сацыяльныя службы ў мяне забралі дзіця. Так я стварыла сям’ю, але ж я памылілася ў гэтым чалавеку!

Еўрарадыё: Ты выехала ў 2004 годзе ў Польшчу, паездзіла па Еўропе, нарэшце “асела” ў Швецыі — чаму адразу не здолелі прыжыцца на адным месцы?

Вольга Класкоўская: Магчыма, у мяне проста такі склад характару. Хоць заўсёды і хацелася пэўнай стабільнасці, але, відаць, не лягла душа да пэўных месцаў і сітуацый. Ніякага злачынства я ў гэтым не бачу, гэта мая асабістая справа: я параўноўваю і абіраю там, дзе лепей для мяне і для маіх дзяцей. Але, відаць, найлепшае месца — гэта радзіма…

Еўрарадыё: Чым ты займалася ў Швецыі да нараджэння дзіцяці?

Вольга Класкоўская: Даволі хутка стала вядома, што я чакаю дзіця. І мы з мужам прынялі рашэнне, што я спакойна нашу дзіця, а ўсе эканамічныя пытанні — на ягоных плячах. Праўда, і пры вялікім жаданні працаваць у мяне не было магчымасці — віду на жыхарства няма, і дазволу на працу таксама няма. Калі толькі “чорная” праца, але яна не для цяжарных. Апошнім часам я працавала на стакгольмскіх дахах — чысціла снег.



Еўрарадыё: Ты зараз можаш бачыць сына?

Вольга Класкоўская: У рашэнні адміністрацыйнага суда Стакгольма напісана, што мой сын адыходзіць пад апеку сацыяльных службаў. Часова яны перадалі сына ў сям’ю бацькі, але юрыдычна ён знаходзіцца пад апекай сацыяльных службаў. Мне дазволілі сустракацца з сынам. Але я не разумею — хто вызначае фармат сустрэчы? Бацькоўскіх правоў я не пазбаўленая, але чаму менавіта гэты дзень, чаму абмежаваны час, чаму пад наглядам супрацоўнікаў? Ці не парушэнне гэта правоў маіх і маленькага Адама?

Еўрарадыё: А якія ў цябе зараз умовы жыцця, за што ты ўвогуле жывеш?

Вольга Класкоўская: У мяне кватэра з афіцыйным кантрактам на маё імя і прозвішча. Дапамагае Шведская царква і “Чырвоны крыж”. Ёсць у мяне і магчымасць падпрацоўкі.

Еўрарадыё: Ты заявіла, што, магчыма, сына ў цябе мэтанакіравана забіраюць, каб аддаць у шведскую сям’ю. Гэта эмоцыі ці ў цябе ёсць доказы?

Вольга Класкоўская: Не зразумелая апантаная актыўнасць сацыяльных службаў у гэтай справе. Бо з татам дзіцяці мы маглі ўсё па-людску вырашыць у судовым парадку. У нас была дамоўленасць, што мы дзелім адказнасць за сына 50 на 50. Сямімесячнае дзіця — самы лепшы варыянт для ўсынаўлення. А хлопчык прыгожы і здаровы — яго можна выхаваць як свайго. За ўсе гады ў мяне не было ніякіх праблем з сацыяльнаму службамі, а тут раптам такая апантанасць! Зараз адвакат накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд. Калі і ён пакіне рашэнне нязменным, мы адразу звернемся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Еўрарадыё: Справа можа зацягнуцца: будзеш змагацца за сына на чужыне ці вернешся на радзіму і працягнеш рабіць гэта адтуль?

Вольга Класкоўская: Свае правы лягчэй і прасцей адстойваць, знаходзячыся ў гэтай краіне. Дый псіхалагічна лягчэй, калі ведаеш, што сын тут, непадалёк, што я магу яго хаця б раз на тыдзень бачыць. Буду да апошняга імкнуцца тут заставацца. Але не на нелегальным становішчы — у такім выпадку мяне могуць у любы момант дэпартаваць. Адвакат пераконвае мяне, што справа будзе выйграная на 100% — пытанне толькі ў часе.

Фота: www.svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі