ВНУ аб новым паступленні: З вёскі — без ільгот, алімпіяднікі — без іспытa

“Новыя правілы паступлення — на ўзгадненні ў Саўміне і Адміністрацыі прэзідэнта”, — гэта адзінае, што кажуць Еўрарадыё пра магчымыя змены ў Міністэрстве адукацыі. Тут не гавораць, што менавіта зменіцца для сёлетніх абітурыентаў.

Але ВНУ павінны быць у курсе!

Праект новых правілаў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце яшчэ не бачылі, а пра тое, што будуць змены, чулі... з друку! Тут прапанавалі свае змены Міністэрству адукацыі яшчэ ў верасні.

“Накіроўвалі адразу пасля ўступнай кампаніі. Прапанавалі адмяніць асобны конкурс для вяскоўцаў і гараджан. Бо вяскоўцы набіраюць большы бал. Адмена льготаў пры паступленні для дзяцей-сірот. Іх сацыяльная падтрымка застаецца. А далейшае павышэнне мінімальнага бала на тэставанні, з якім можна паступаць, для нас непажаданае”, — гэта прапануюць у БНТУ.

Ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прапануюць… панізіць прахадны бал для завочнікаў, якія паступаюць па сваёй спецыяльнасці.

“Прапаноўвалі зменшыць парог для абітурыентаў, якія працуюць па спецыяльнасці і ўжо маюць стаж. Таксама аптымізаваць паступленне для пераможцаў алімпіяд, бо зараз яны не могуць паступаць у наш універсітэт без іспытаў”, — тлумачаць у прыёмнай камісіі гэтай ВНУ.

Тут таксама кажуць, што льготы для вяскоўцаў варта адмяняць. Пра гэта ўжо другі год гаворыць старшыня Дзяржкамісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй Анатоль Рубінаў:

"Калі адзін чалавек з вёскі падае дакументы — ён праходзіць. Трэба адмовіцца ад асобнага конкурсу і праводзіць яго на агульнай падставе. Льготы таксама згубілі сэнс. Ну, што значаць ільготы на веды? Ільготы мусяць быць матэрыяльныя. Напрыклад, у БДУ на біялогіі прахадны бал 262, а льготнік паступае, маючы 140 балаў”.

А таксама тут прапаноўваў скараціць колькасць студэнтаў.

“Спецыялістаў мусіць быць менш, а якасць — лепш. Трэба арыентаваць людзей у вучэльні, у тэхнікумы. А то на аднаго рабочага — тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй".

Нагадаем, сёлета неабходны бал, які трэба набраць на тэставанні для паступлення ва ўніверсітэт, быў павышаны. Апошнія тры гады правілы для абітурыентаў змяняюцца кожны год.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі