Візу на “Басовішча” можна атрымаць толькі ў Гродне

Арганізатары не здолелі дамовіцца з польскім консульствам у Мінску (+ усе магчымыя варыянты даезду на фестываль) З 22-га чэрвеня ў гродзенскім консульстве Польшчы распачаўся прыём дакументаў на атрыманне польскай візы для ўсіх жадаючых патрапіць на “Басовішча-2009”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла арганізатар фэсту Кася Кузміч.

Кася Кузміч: “Сёлета візавая падтрымка будзе ажыццяўляцца толькі праз Гродзенскае консульства”.

Па словах Касі, з амбасадай у Мінску дамовіцца, не ўдалося, таму прыхільнікам “Басоў” давядзецца ехаць у Гродна. Толькі там можна зрабіць бясплатную візу на дні фестывалю.

Гродзенскі рух “За Свабоду!”, як суарганізатар сёлетніх “Басоў”, выпрацаваў схему атрымання візы наведвальнікамі фестывалю. Паводле слоў каардынатара Паўла Мажэйкі, на дадзены момант паступіла каля 300 заявак. Прыём іх працягнецца да 9-га ліпеня.

Павал Мажэйка: “Ёсць выпрацаваная адпаведная схема якім чынам можна атрымаць візы. Ад 22-га чэрвеня маем ужо каля 300 заявак. Прымаем іх да 9-га чысла. Пакуль абмежаванняў няма. Абмежаванні толькі ў тым, наколькі мы зможам апрацаваць усе пададзеныя дакументы”.

Схема атрымання аднаразовай бясплатнай візы на “Басовішча-2009”:

1. Даслаць на адрас [email protected] сваё імя і прозвішча, нумар пашпарта з пазнакай “РУХаем на БАСОВІШЧА!”
2. Прынесці пашпарт (прымаюцца толькі сапраўдныя пашпарты, тэрмін дзеяння якіх не павінен заканчвацца раней чым 19 кастрычніка 2009 года). Пашпарты прыносім па адрасе: Гродна, Будзёнага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы). Пашпарты можна прыносіць з 22.06.2009 да 9.07.2009 ад панядзелку да пятніцы з 17.00 да 19.00. Увага! У іншыя дні ды ў іншы час ад пазначаных дакументы прымацца не будуць!
3. Копію 32 і 33 старонак пашпарта.
4. Адзін фотаздымак на польскую візу (фотамайстры ведаюць, дастаткова проста сказаць “на польскую візу”).
5. Запоўніць на месцы анкету на атрыманне польскай візы.
6. Набыць страхоўку на час Фестывалю (страхавая фірма будзе працаваць у гэтыя дні таксама ў памяшканні ТБШ, Будзёнага 48а-44).
7. Дачакацца пашпарта з візай.
8. Паехаць на БАСОВІШЧА!!! :))))

Дабірацца ў Гарадок (па-польску Грудэк) на сёлетняе “Басовішча” прыйдзецца сваім ходам, бо адмысловых аўтобусаў з Мінска не прадбачыцца. Магчыма, як і ў мінулым годзе, мясцоваму руху “За Свабоду” атрымаецца арганізаваць аўтобусныя рэйсы, якія будуць забіраць гледачоў фэсту на мяжы, з Кузніцы Беластоцкай, і адвозіць на фестываль:

Павал Мажэйка: “На дадзены момант высвятляем з уладамі Беластока, наколькі магчыма зрабіць так, як і ў мінулым годзе. Будзем спадзявацца, што атрымаецца, бо сапраўды, гэта такая зручная і патрэбная дапамога для тых, хто будзе ехаць на “Басовішча”.

У тым выпадку, калі арганізатары не дамовяцца на аўтобусы, Павал Мажэйка раіць скарыстацца правераным “басовішчным” шляхам.

Павал Мажэйка: “Нават калі не будзе аўтобусаў, ёсць правераны шлях: трэба даехаць да Беластоку, а з Беластоку прыгарадным аўтобусам можна даехаць да “Басовішча” без праблем. Увесь шлях зойме 3 гадзіны ад Гродна”.

Фэст пачынаецца 17-га ліпеня а 19-й гадзіне. Каб дабрацца да яго з Мінску, лепш выехаць уноч з 16-га на 17-га.

Еўрарадыё прапануе магчымыя спосабы даезду да “Басоў”:

16-га ліпеня. Цягнікі, якія ідуць з Мінска да Гродна:

Час ад’езду з Мінска

Назва цягніка

Час прыбыцця ў Гродна

16.22

Мінск-Гродна

22.00

23.22

Унеча-Гродна

05.30

23.33

Гомель Гродна

07.00

Каб даехаць да Гродна ў агульным вагоне вам давядзецца заплаціць 11-12 тысяч рублёў, плацкарт абыдзецца ў 16-19 тысяч рублёў.

17-га ліпеня ў Гродне можна скарыстацца цягнікамі, што перавязуць вас праз мяжу да Кузніцы Беластоцкай, альбо нават да Беластоку:

Час ад’езду з Гродна

Кірунак цягніка

5.35

Гродна-Кузніца Беластоцкая

10.05

Гродна-Кузніца Беластоцкая

19.50

Гродна-Беласток

З Гродна да Кузніцы квіток на цягнік каштуе каля 11-ці тысяч рублёў. З Кузніцы да Беластоку – 10 злотых (каля 3 долараў). Праезд на аўтобусе з Кузніцы да Беластоку будзе каштаваць 8 злотых, прыватнік з вас возьме 10 злотых.

Апроч таго з гродзенскага чыгуначнага вакзала ў кірунку Беластока каля 05.30 раніцы адпраўляецца адзіная маршрутка, кошт на якую складае 35 тысяч беларускіх рублёў.

Не здзіўляйцеся, калі ў Гродне на пероне вас сустрэнуць прыватнікі і прапануюць перавезці вас праз мяжу. Гэтае “задавальненне” абыдзецца ў 25 еўра.

Аўтобусы на Гарадок (то бок на фестываль) адыходзяць з беластоцкага аўтавакзала кожную гадзіну. Як раяць адмыслоўцы, лепш абіраць аўтобус, які ідзе праз Валілы: па-першае, ён хутчэй ідзе, а па-другое, квіток на яго каштуе каля 6-ці злотых (каля 2 долараў).
Апошні аўтобус на Гарадок адыходзіць у 20.40.