Віталь Портнікаў: Для Януковіча Беларусь – мадэль для пераймання…

Еўрарадыё: У Беларусі штосераду адбываюцца маўклівыя акцыі пратэсту, падчас якіх адбываюцца шматлікія затрыманні, збіццё людзей. Пасля ўдзельнікаў акцыяў судзяць, прысуджаюць да штрафаў і “сутак”. Шмат еўрапейскіх структур выказалі сваё незадавальненне дзеяннямі беларускіх уладаў, а афіцыйны Кіеў маўчыць. На вашую думку, чаму так адбываецца?

Віталь Портнікаў: “Мяне не здзіўляе маўчанне Кіева. І, дарэчы, гэта кантрастуе не толькі з ацэнкамі, якія даюцца дзеянням беларускай улады ў еўрапейскіх сталіцах, але і з тым, што адбываецца ў Расіі. Расійскія кіраўнікі неаднаразова абвінавачвалі Аляксандра Лукашэнку ў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Тэлеканалы ў Расіі паказваюць тое, што адбываецца ў Мінску. І мне здаецца, што расійскія тэлегледачы нашмат лепш ведаюць пра гвалце над беларускім грамадствам, які здзяйсняе атачэнне Лукашэнкі і сам прэзідэнт Беларусі. Але гэта не дзіўна, бо для прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча Беларусь з'яўляецца хутчэй мадэллю для пераймання, чым мадэллю для асуджэння. Януковіч вельмі хоча пабудаваць у сябе Беларусь, гэта тое, што яму відавочна падабаецца”.

Еўрарадыё: А ці ёсць эканамічная зацікаўленасць Украіны ў Беларусі? Магчыма, праз гэта афіцыйны Кіеў і не каментуе апошнія падзеі ў Беларусі?

Віталь Портнікаў: “Я думаю, што гэта ў пэўным сэнсе сваяцтва душаў. Януковіч, таксама як і Лукашэнка, з задавальненнем ставіцца да краіны як да вялікага маёнтка. Таму гэтае маўчанне з'яўляецца натуральным з пункту гледжання украінскай улады: Аляксандр Лукашэнка нічога такога не робіць — “наводзіць парадкі”. У Кіеве такім жа чынам наводзяць “парадкі”, калі адбываюцца падобныя акцыі. Іншая справа, што ў Кіеве яны часта бываюць больш масавыя, і прэзідэнту даводзіцца выходзіць на Майдан, як гэта было нядаўна ў часе пратэсту прадпрымальнікаў. Але гэта не заўжды так”.

Еўрарадыё: А як гэта ўсе вяжацца з сяброўствам Украіны з Еўропай, з ЕС? Усе ж ЕС асудзіў дзеянні беларускай ўладай, а тут – маўчанне…

Віталь Портнікаў: “Усё гэтае сяброўства з Еўрапейскім Саюзам – гэта ўмова гульні, якую Януковіч прымае. Насамрэч, ніякага каштоўнаснага сваяцтва з ЕС у яго і ў яго палітычнай партыі няма. Так, Януковіч мае патрэбу ў крэдытных запазычаннях міжнародных фінансавых арганізацыяў для таго, каб  працягваць паспяхова абкрадаць краіну. Яго ўладзе гэта патрэбна, бо інакш ўлада “зляціць”. Таму ён усе гэта і кажа. Гэта проста рытуальныя фразы. А сваяцтва ў яго – з Лукашэнка, з беларускім рэжымам”.

Еўрарадыё: Што, на вашую думку, чакае Лукашэнку?

Віталь Портнікаў: “Я не думаю, што Аляксандр Лукашэнка гэта чалавек, які можа разлічваць на доўгае палітычнае жыццё. Мне здаецца, што яго палітычны тэрмін можа быць паменшаны не намаганнямі беларускага народа, а намаганнямі беларускай палітычнай эліты, якая ўжо разумее, што прэзідэнт больш не ловіць мышэй і не з'яўляецца гарантам яе дабрабыту. І гэта шкада. Бо інакш Лукашэнка мог бы проста прайграць на выбарах, жыць у краіне як палітычны пенсіянер ці бегчы з краіны. Калі палітычная эліта беларуская вырашыць ад яго адмовіцца, то я ўвогуле не ўпэўнены ў яго лёсе. Але на Украіне будзе інакш. Палітычны крах Януковіча і яго партыі можа адбыцца праз грамадскае абурэнне. У нашых краінах розныя грамадскія пратэсты”.

Еўрарадыё: Каго вы маеце на ўвазе пад элітай Беларусі атачэнне прэзідэнта ці апазіцыю?

Віталь Портнікаў: “Атачэнне прэзідэнта. Апазіцыя ў сваім цяперашнім стане не здольная стаць той альтэрнатывай, якая можа рэальна атрымаць уладу ў краіне. Я не сумняюся ў тым, што новы прэзідэнт Беларусі прыйдзе з атачэння Лукашэнкі і не сумняюся, што ён будзе найбольш жорсткім і смелым крытыкам прэзідэнта. Любы спадчыннік Лукашэнкі з ліку беларускага палітычнага кіраўніцтва асуджаны на тое, каб адмежавацца ад яго, і магчыма нават правесці судовыя працэсы над асобамі, так ці інакш замяшанымі ў палітычных, эканамічных злачынствах апошняга часу. Але не сумнявайцеся, што гэтая асоба знаходзіцца зараз каля Лукашэнка і займае высокую пасаду”.

Фота: http://www.svobodanews.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі