Віталь Клічко: “Чэмпіёнам свету па боксе стане беларус”

26 лютага ў Кіеве наш баксёр Аляксандр Усцінаў пазмагаецца за тытул чэмпіёна Еўропы сярод прафесіяналаў.
Яго сапернік – украінец Максім Пядзюра. Але прамоўтэр беларускага байца
– легендарны баксёр Віталь Клічко, таксама ўкраінец. Таму жыхары Кіева
ў замяшанні і не разумеюць за каго хварэць – за свайго ці за Усцінава.

Аляксандра мы заспелі на апошняй трэніроўцы ў зале бокса “Алімп”, што на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.

Высветлілася, што Усцінаў выдатна разумее па-беларуску. Уражанне ён стварыў добрага і талерантнага чалавека.

 

Пытаемся ў Аляксандра, што ён думае пра суперніка Пядзюру і колькі яму трэба часу, каб з украінцам расправіцца.

Аляксандр Усцінаў: “Моцны хлопец, рослы, нямала важыць (рост – 193 см, вага – 109 кг, - Еўрарадыё). Адзінаццаць баёў – адзінаццаць перамог”.

Пядзюра, як і Усцінаў,  не прайграў ніводнага паядынку ў жыцці. Але беларус вышэйшы на 9 сантыметраў і цяжэйшы на 21 кілаграм.

Прамоўтэр беларуса і дзейсны чэмпіён свету у суперцяжкай вазе Віталь Клічко на нядаўняй прэс-канферэнцыі заявіў: “Я ўпэўнены, што Аляксандр зможа стаць чэмпіёнам планеты. І хутка яго прозвішча будзе вядомым на ўвесь свет”.

Усцінаў таксама поўны аптымізму:

Аляксандр Усцінаў: “Нашыя планы вельмі сур’ёзныя. У бліжэйшы час збіраемся зайсці на вяршыню баксёрскага свету”.

Але кіеўскія балельшчыкі ў замяшанні: з аднаго боку, трэба хварэць за свайго Пядзюру, з іншага – не хочацца крыўдзіць Віталя Клічко.
 
Прынамсі, увесь Кіеў залеплены постэрамі з выявай Усцінава. Пра гэта Аляксандру расказаў яго сябар Сяргей Міхалок, лідэр “Ляпісаў”.

Аляксандр Усцінаў: “Літаральна паўтары гадзіны таму Сяргей мне тэлефанаваў. Ён знаходзіцца ва Ўкраіне, сказаў: “Саня, тут цябе паўсюль рэкламуюць”.

Напрыканцы нашай гутаркі Аляксандр сказаў, што ўсё павінна быць добра. Але цалкам сканцэнтравацца на паядынку не дазваляе вучоба ў Мінскім інстытуце кіравання.

Аляксандр Усцінаў: “Вы патрапілі ў самую кропку. З панядзелка ў мяне пачынаецца сесія.  І добра, што я вярнуся ўжо напрыканцы тыдня і пастараюся хутка навярстаць тое, што здасць мая група”.

Еўрарадыё аператыўна паведаміць пра вынікі гэтага тытульнага бою.

Фота K2 East Promotion i Еўрарадыё