Віктар Януковіч прапанаваў Віталю Клічко правесці тэледэбаты

Дзеля таго, каб дэбаты былі "максімальна даступнымі для шырокай грамадскасці, а не толькі для аўдыторыі, якая знаходзіцца на Майдане Незалежнасці". Пра гэта заявіў кіраўнік упраўлення прэс-службы ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Лысенка.





Пры гэтым ён адзначыў, што дэбаты Януковіча і Клічко могуць прайсці на любым тэлеканале. Паводле слоў Лысенкі, адказу ад лідара апазіцыйнай партыі "УДАР" яшчэ няма, таму пра час правядзення дэбатаў гаварыць зарана.





Нагадаем, упершыню правесці тэледэбаты Віктар Януковіч прапанаваў Віталю Клічко яшчэ 25 студзеня. УНІАН нагадвае, што 9 лютага падчас "народнага веча" ў цэнтры Кіева Клічко запрасіў Януковіча правесці дэбаты на Майдане Незалежнасці (гл. відэа). Яшчэ раней палітык і баксёр выклікаў украінскага прэзідэнта на... рынг, але адказу не атрымаў.





Нагадаем, у лістападзе 2013 года ўкраінскі ўрад адмовіўся падпісаць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Ад таго часу ў Кіеве і іншых гарадах Украіны праходзяць акцыі пратэсту. Спачатку пратэстоўцы патрабавалі ад ураду падпісаць дамову з ЕС, пазней яны пачалі патрабаваць адстаўкі кабінета міністраў і пакарання вінаватых у жорсткім разгоне Майдана 30 лістапада. У выніку, урад Мікалая Азарава пайшоў у адстаўку. Аднак пратэстоўцы патрабуюць выканання іншых патрабаванняў, у тым ліку прызначэння датэрміновых выбараў і вызвалення арыштаваных дэманстрантаў.





Фота — Еўрарадыё, AFP