Вы тут

Віктар Лукашэнка паабяцаў шматдзетнай сям'і з Клічава афрыканскага страўса

Фота: БЕЛТА

У рамках акцыі "Нашы дзеці" памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу Рыты і Сяргея Кундзікавых у Клічаве. Яго суправаджалі жонка і дзеці, інфармуе БЕЛТА.

Шматдзетная сям'я выхоўвае 11 прыёмных дзетак, шэсць з іх цяпер адпачываюць у Італіі. Чацвёра родных дзяцей ужо выраслі і стварылі ўласныя сям'і. Прычым 35-гадовы Захар разам з жонкай Юліяй сам стаў бацькам-выхавальнікам: у яго дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюцца сямёра дзяцей.

Такім чынам, старэйшы сын кіраўніка Беларусі наведаў адразу дзве прыёмныя сям'і. У якасці падарункаў ён прывёз дзецям цацкі, сувеніры і прысмакі. Пры гэтым, як паведамляецца, госці пастараліся ўлічыць пажаданне кожнага з дзяцей. Толькі мару Сашы, які папрасіў афрыканскага страўса, паабяцалі выканаць крыху пазней — калі бацькі падрыхтуюць спецыяльны вальер для экзатычнай птушкі. 14-гадовы Саша вельмі любіць жывёл і, калі вырасце, хоча стварыць сваю ветэрынарную клініку.

Ужо цяпер на заднім двары сям'я трымае цэлы міні-заапарк: тут ёсць паўліны, качкі-мандарынкі, фазаны, дэкаратыўныя курачкі, паўлаўскія пеўні ды мноства іншых птушак.