Віктар Івашкевіч: “Касірка” плаціла правакатарам з партыі Гайдукевіча

Міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў заявіў пра затрыманне на акцыі 25 сакавіка кабеты-“касіркі”, якая мела пры сабе 8 млн. рублёў, раскладзеных па 100 тыс., быццам бы для таго, каб плаціць людзям за ўдзел у дэманстрацыі.  Міністр перакананы, што гэты чалавек - прадстаўніца апазіцыйнай партыі, хаця і не назваў якой.

Падзею ў інтэрв’ю Хартыі’97 пракаментаваў намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч: “Я думаю, што Навумаў не хлусіць, але гаворыць не ўсю праўду. Я стопрацэнтна перакананы, што “касірка” павінна была плаціць не ўдзельнікам маніфестацыі, якіх на вуліцах было тысячы, а 80-ці правакатарам, якія бралі ўдзел у спецаперацыі. І яна не “касірка” апазіцыйнай партыі, а “касірка” псеўдаапазіцыйнай Ліберальна-Дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Таму што колькасны склад і метады дзейнасці гэтай партыі адпавядаюць правакацыйнай дзейнасці. Можа, Навумаў назаве прозвішча гэтага чалавека і партыю, якую яна прадстаўляе? - запытаўся Івашкевіч.

"Хартыя-97"