Вы тут

Віцябляніна, які збіў і выгнаў з кватэры малога сына, будуць судзіць

Следчы камітэт у Віцебску / sk.gov.by

Віцебскі гараддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб катаванні, прычыненні цялесных пашкоджанняў і пакіданні ў небяспецы, піша прэс-служба ведамства.

Інцыдэнт адбыўся 12 жніўня. Жыхары аднаго з дамоў Віцебска паведамілі ў міліцыю, што на лесвічнай пляцоўцы знайшлі збітага малалетняга хлопчыка, які жыве ў адной з кватэр у гэтым жа пад'ездзе.

Праваахоўнікі выявілі, што ўвечары 11 жніўня п'яны 31-гадовы віцяблянін падчас сваркі збіў сваю сужыцельку, пасля чаго жанчына сышла. Мужчына працягваў выпіваць, пасля чаго збіў іх сына і выгнаў з кватэры. Хлопчык заснуў у суседскай дзіцячай калясцы на лесвічнай пляцоўцы.

Падчас следства былі выяўленыя і іншыя супрацьпраўныя дзеянні мужчыны. З лістапада 2018 года па жнівень 2019-га ён перыядычна збіваў сужыцельку: выяўлена дзевяць такіх фактаў.

Мужчыну выставілі абвінавачванне ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання; катаванне; прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці; пакіданне ў небяспецы; пагроза забойствам. Віцяблянін знаходзіцца пад вартай.

Паведамляецца, што мужчына афіцыйна нідзе не працаваў, злоўжываў спіртнымі напоямі, раней судзімы не быў.

Пяцігадовы хлопчык цяпер знаходзіцца з бабуляй.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.