Віцебскія ўлады забаранілі першамайскі мітынг ля Леніна

Першамай у Віцебску адзначалі сціпла і зусім непалітызавана. Мітынга не было, толькі святочны канцэрт у Летнім Амфітэатры.  Напярэдадні ў абласной філармоніі адбыўся ўрачысты сход. А вот уласна 1 траўня ля помніка Леніну, што, дарэчы, месціцца якраз каля філармоніі, сабралося чалавек трыццаць людзей сталага ўзросту. Яны разгублена патапталіся ля манументу, усклалі кветкі і недзе праз гадзіну разышліся. Мітынг, што быў запланаваны грамадскай арганізацыяй “За Саюз і Камуністычную партыю Саюза”, гарадскія ўлады забаранілі.

На Першамай жадаючым пасвяткаваць былі прапанаваныя народныя гулянні ў парку адпачынку імя Савецкай Арміі, што знаходзіцца па-за рысай горада, ды адкрыццё сезону у заапарку. Па словах старшыні арганізацыі “За Саюз і Камуністычную партыю Саюза” Юрыя Гражданінава, раней улады прапаноўвалі ладзіць мітынгі і пікеты ў старым закінутым парку, а зараз проста забаранілі.

Гражданінаў: “Мітынг гэты забаронены, таму мы ўскалалі кветкі, а ніякіх сцягоў ці транспарантаў не маем. Раней адсылалі нас у парк, я туды схадзіў неяк узімку, стаяць там дрэвы 70-гадовыя ды дзьве бабулі з сабакам гуляюць, да бліжэйшага дома 200 метраў. Зразумела, з нашымі транспарантамі нам толькі ў бязлюдных месцах і дазволяць мітынг”.

Асабліва абураліся старыя паводзінамі ідэялагічных службаў. Маўляў, у такі святочны дзень яны павінны быць з народам.

Пенсіянер: “Мы маем ідэалагічныя службы ў раёнах, ім выдаткоўваюць грошы, чаму яны не могуць прыйсці сюды, пагаварыць з намі? Ну прыйдзіце, дзень такі 1 мая, ну пашліце іх сюды, няхай прыйдуць, пагавораць! А калі мы няправільна што робім — патлумачце!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі