Віцебскіх алкаголікаў улады закадзіравалі Сайковым

На бясплатнае і добраахвотнае лячэнне алкаголікаў звазілі арганізавана пад аховай міліцыянтаў.
У Віцебску міліцыя выйшла да вядомых псіхатэрапеўтаў з прапановай бясплатна кадзіраваць тых пітушчых, у якія няма грошай на лячэнне. Першым адгукнуўся на дабрачынны заклік доктар Сайкоў.

У мінулы чацвер ён правёў сеанс бясплатнага лячэння у Паставах, а сёння – у вёсцы Ноўка Віцебскага раёна. Пітушчых звазілі арганізавана, на транспарце, дадзеным мясцовымі ўладамі, пад аховай міліцыянтаў.

Але гаворка ішла пра тое, што ўсе пацыенты звярнуліся па дапамогу дабраахвотна. Па словах намесніка начальніка ЎУС Рышарда Мальца, калі чалавек раптам зразумее, што не гатовы кадзіравацца, ён можа пайсці з залы, і ніхто не будзе лячыць яго гвалтам.

“Чаму мы праводзім гэтую акцыю? Хочам адабраць тых людзей, што жадаюць пазбавіцца хваробы, — кажа міліцыянт. — У гэтай зале тыя людзі, што добраахвотна прыйшлі. Мы аб’явілі акцыю, звярнуліся да псіхатэрапеўтаў. Самі гэтыя людзі хацелі б пазбавіцца хваробы, але не маюць сродкаў. Таму акцыя будзе бясплатнай”.

Псіхатэрапеўт Дзмітрый Сайкоў лічыць, што дабрачынная акцыя істотна не паўплывае на ягоны бізнес, бо тыя, хто не мае грошай, так ці гэтак прыбытку яму б не прынеслі. Раней у масавым лячэнні незаможных алкаголікаў ён не ўдзельнічаў, але часам, пашкадаваўшы галечу, згаджаўся лячыць каго-небудзь бясплатна.

Сайкоў: “Калі мы не будзем вырашаць гэтую праблему разам, то гэтая праблема вырашыць нас. Грамадства так захіснула п’янства, што немагчыма ўявіць нашу краіну квітнеючай, правільнай, з сур’ёзнымі перспектывамі на будучыню, калі мы не вырашым гэтую праблему. Ёсць жа хворыя на алкагалізм, што не могуць дазволіць сабе плаціць за лячэнне і застаюцца па-за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай”.

Кадзіравацца ў Ноўку прывезлі алкаголікаў з чатырох раёнаў вобласці. Хутка у Дом культуры, дзе праходзіла мерапрыемства, падцягнулася і кампанія мясцовых мужыкоў – таксама па лячэнне. “Неарганізаваным” жадаючым не заміналі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі