Віцебскі падлетак, абараняючыся, забіў мужчыну

Віцебскі падлетак, абараняючыся, забіў мужчыну

Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб забойстве мужчыны ў Віцебску.

Здарэнне адбылося ўвечары 27 кастрычніка 2018 года на вуліцы Гагарына. Падчас сваркі 16-гадовы юнак ударыў нажом 35-гадовага мужчыну. Пасля гэтага падлетак уцёк з месца здарэння.

Мужчына памёр у лякарні ад нанесеных цялесных пашкоджанняў.

Спярша юнаку выставілі абвінавачанне ў забойстве. Яго ўзялі пад варту. Аднак падчас расследавання парваахоўнікі выявілі, што юнак перавысіў межы неабходнай абароны. Высветліць гэта ўдалося дзякуючы аналізу відэа- і аўдыязапісаў з месца здарэння, а таксама паказанняў абвінавачанага. Следства прыйшло да высновы, што гэтыя сведчанні паслядоўныя і не супярэчаць сведчанням сведкаў ды іншым матэрыялам крымінальнай справы.

Падлетку выставілі абвінавачанне ў забойстве пры перавышэнні межаў неабходнай абароны. Ён выпушчаны з-пад варты пад нагляд. Юнак раней не судзімы, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, па месцы вучобы і месцы жыхарства мае пазітыўныя характарыстыкі.

Хлопец раскаяўся ва ўчыненым злачынстве. Таксама Следчы камітэт звяртае ўвагу на тое, што злачынства адбылося пад уплывам супрацьпраўных дзеянняў пацярпелага.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі