Віцэ-прэм'ер Субоцін: прадукты даражэюць, бо такая сусветная кан'юнктура

Віцэ-прэм'ер Субоцін: прадукты даражэюць, бо такая сусветная кан'юнктура

Цэны на прадукты харчавання ў Беларусі працягнуць расці, бо гэта абумоўлена сусветнай кан'юнктурай. Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін, які курыруе сферу АПК, перадае БЕЛТА.

Чыноўнік патлумачыў, што стрымліваць рост цэн у Беларусі немагчыма, бо тады тавар пачнуць вывозіць у Расію: "Калі мы пачынаем перакрываць, неяк душыць кошты на ўнутраным рынку, а больш цікавы будзе кошт у Расійскай Федэрацыі, тыя ж людзі будуць купляць у краме і аўтобусамі, машынамі легкавымі вывозіць туды тавар. Гэта значыць ператок будзе ў любым выпадку. Мяжы як такой жа няма ў нас у Саюзнай дзяржаве".

Акрамя сусетнай кан'юнктуры Субоцін патлумачыў рост цэн тым, што даражэюць тавары, якія ўплываюць на канчатковы кошт сельгаспрадукцыі, у тым ліку ўгнаенні, некаторыя імпартныя складнікі, запчасткі ды іншае.

Віцэ-прэм'ер, аднак, заявіў, што дэфіцыту харчавання не будзе: "Я скажу так: дэфіцыту не будзе — гэта 100%. Таму што мы вырабляем у разы больш, чым нам трэба".

Урад, па яго словах, стараецца максімальна стрымліваць рост коштаў і адрасна падтрымліваць маламаёмных.

Пры гэтым у сусветным росце коштаў Субоцін заўважыў і пазітыўны бок: гэта дазваляе ўраду атрымаць болей грошай за экспарт прадуктаў харчавання. За 9 месяцаў 2021-га экспарт харчавання перавысіш леташнія паказчыкі на 12,6% і склаў каля 4,7 мільярда долараў. 

У тым ліку, па яго словах, вырас і экспарт у краіны Еўрасаюза — санкцыі на гэта не паўплывалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі