Вежу Старога каралеўскага замка ў Гродне ўпрыгожаць партрэтамі князёў ВКЛ

Вежу Старога каралеўскага замка ў Гродне ўпрыгожаць партрэтамі князёў ВКЛ

Уязную вежу Старога каралеўскага замка ў Гродне ўпрыгожаць партрэтамі гістарычных персон, а таксама гербамі і арнаментам. Над аздабленнем сценаў працуе група мінскіх мастакоў-манументалістаў, распавядае тэлеканал СТВ. 

Мастакі зараз працуюць над 14 партрэтамі рымскіх імператараў, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Таксама сцены будуць ўпрыгожваць ільвы, грыфоны, кветкавыя і фруктовыя гірлянды.

Роспіс робіцца ў тэхніцы сграфіта — разьба па сырой тынкоўцы. Мастакам даводзіцца акуратна пластамі выкладаць каляровую тынкоўку і з ювелірнай дакладнасцю, пакуль не застыў матэрыял, выразаць аб'ёмныя малюнкі і арнамент. Працы вядуцца на вышыні каля 14 метраў.

"Унізе таксама будуць выкарыстоўвацца і па сценах шмат усялякіх арнаментаў. Уваходная кампазіцыя — там будуць выкарыстоўвацца дзве сцэны:гэта ўезд у Ерусалім і ўезд у Гродна", — удакладняе старшыня манументальнай секцыі Беларускага саюза мастакоў Васіль Зянько. Па яго словах, сёлета завяршыць работы не ўдасца, таму яны будуць перанесеныя на вясну. 

Дарэчы, раней такіх малюнкаў на сценах не было, таму аўтэнтычны выгляд будынка парушаецца. 

Працы ў  Старым замку ідуць з 2017 года. Сёлета плануецца завяршыць узвядзенне вежы і камяніцы, уставіць шыбы і пачаць унутранае аздабленне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі