Ветэран: Я б усім, хто хадзіў ў атаку, прысвоіў Герояў Савецкага Саюза!

Сустрэчу з ветэранамі ладзіў напярэдадні 9 траўня міністр абароны Юрый Жадобін. Кагосьці да Дома афіцэраў падвозілі на шыкоўных міністэрскіх іншамарках, хтосьці падыходзіў самастойна — “дзеля падтрымання формы”. Ва ўсіх на грудзях безліч узнагарод. Якая з іх самая памятная і за што атрыманая, цікавіцца Еўрарадыё.



Поўны кавалер ордэна Славы ў краіне застаўся адзін — Віктар Вятошкін. “Біяграфію” сваіх галоўных узнагарод ветэран пералічвае лаканічна.



Віктар Вятошкін: “Трэцяй ступені я атрымаў за фарсіраванне Віслы, другой ступені — за Одэр, і трэцяй ступені — за вызваленне Берліна”.



У адказ на “дзіцячае” пытанне: “Ці страшна было на вайне?” — прыгадвае тыя баі.



Віктар Вятошкін: “Я б тым людзям, якія хадзілі ў атаку, прысвоіў усім Герояў Савецкага Саюза! Без разбору! Людзі, якія ішлі ў атаку, загадзя ведалі, што ў выніку ён альбо будзе жыць, альбо — не. Іншага не дадзена, адно з двух”.



Без разваг указвае на самы памятны медаль палкоўнік Васіль Даўжонак:



“Партызану Айчыннай вайны” першай ступені — гэты медаль я адзін з першых атрымаў. Падчас вызвалення Савецкай Беларусі ў 1944”.



Ваяваў Васіль Даўжонак у партызанскай брыгадзе “Народныя мсціўцы” імя Варанянскага. Пасля вызвалення Беларусі і ўрачыстага партызанскага параду ў Мінску ў 1944 годзе далей “ваяваў” у сталічным палку НКУС. На пытанне, ці праўда, што і партызаны часам крыўдзілі простых людзей, забіраючы ў іх прадукты, абураецца.



Васіль Даўжонак: “Партызанскі рух жыў на самаабслугоўванні! Вызначана ўжо, што партызанскае забеспячэнне матэрыяльнае больш як на 50% было за кошт ворага. Грамілі гарнізоны, магазіны і матэрыяльныя сродкі забіралі ўсе. І гэты ж народ яшчэ і кармілі — дзяліліся кавалкам хлеба!”


На пытанне, як сёння жывуць ветэраны, шчыра прызнаецца, што ніякіх матэрыяльных праблем не мае.



Васіль Даўжонак: “Сваіх і ўнукаў яшчэ кармлю! Ніякіх пытанняў у нас не ўзнікае. Але калі ўрад нешта і знаходзіць, то мы не адмаўляемся ад гэтага”.



Генерал, танкіст Аляксандр Фень хоць і мае такую высокую ўзнагароду, як ордэн Аляксандра Неўскага, але ў адказ на пытанне Еўрарадыё паказвае на іншую.



Аляксандр Фень: “Калі па шчырасці, то самы дарагі для мяне медаль — “За абарону Сталінграда”. Бо выжыць там — гэта была вялікая напруга і вялікі цуд. Там бывала так, што чалавек туды патрапіў, а на другі дзень ужо і загінуў. Але мы выстаялі! Увесь працоўны народ усіх нашых былых савецкіх рэспублік. Канешне ж — пад мудрым кіраўніцтвам Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна! Які здолеў аб’яднаць уладу вайсковую, выканаўчую і дзяржаўную пад сваім кіраўніцтвам, які здолеў на барацьбу з фашызмам накіраваць не толькі наш савецкі народ, але і народы капіталістычных дзяржаў”.



Выбраць, якая ўзнагарода для яго найбольш памятная, генерал-лейтэнант Вадзім Садаўнічэнка здолеў не адразу.



“Другая ступень Айчыннай вайны”, — нарэшце вызначаецца. І прыгадвае, за што атрымаў: “Я ехаў у полк, у якасці памочніка начальніка аператыўнага аддзялення штаба дывізіі. І дзесьці на паўдарогі бачу, што батарэя 37-міліметровых зенітных гармат рухаецца і не бачыць, як група нямецкіх бронетранспарцёраў атакуе тылы гэтага палка. Я адразу да камандзіра батарэі: “Да бою!”. Знішчылі 6 нямецкіх батарэяў”.



Адказваючы на пытанне пра тое, як сёння жывецца ветэранам, нечакана ўхіляецца ў “ідэалагічны” бок.



Вадзім Садаўнічэнка: “Крыўдна жывецца! За мільёны тых, хто загінуў, але адстаяў дзяржаву, ці ж не крыўдна?! Абражаюць якіх ва ўсіх сродках масавай інфармацыі — гэта што, як разумець? Я не пра Беларусь — маю на ўвазе Расію і Захад. Гэта ж трэба — казаць зараз пра Нямеччыну, што яны не вінаватыя ні ў чым, яны ні з кім не ваявалі і не здзяйснялі здрады ды масавага знішчэння людзей. Так што — не весела нам жывецца”.


 

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі