Вайна ва Украіне павінна прымусіць нейтральныя краіны Еўропы выбраць бок — Times

Вайна ва Украіне / https://www.facebook.com/GeneralStaff.ua/

Вайна ва Украіне павінна прымусіць нейтральныя краіны Еўропы выбраць бок. Пра гэта піша міжнародны аглядальнік брытанскай газеты Times Роджэр Бойс. Ён перакананы, што ў новай сітуацыі, якая склалася пасля нападу Расіі на Украіну, няма месца старому паняццю нейтралітэту. Таму краінам, якія называюць сябе нейтральнымі, давядзецца перагледзець сваю палітыку.

Захад за час вайны ўжо прыйшоў да разумення, што адбываецца "цывілізацыйны канфлікт, які грунтоўна зменіць сусветны парадак". "Становіцца ўсё больш відавочным, што ў Еўропе, якой з усходу пастаянна пагражае вайна, няма будучыні для нейтралітэту, — піша аглядальнік. — Украіне і саюзнікам усё больш і больш здаецца, што нейтралітэт — гэта від нахлебніцтва". Чаму? Таму што такія краіны, як Швейцарыя, Аўстрыя, Ірландыя, Мальта ўскосна прыкрытыя "парасонам NATO" і не трацяць вялікіх сродкаў на вайсковыя патрэбы.

"Развязаная Расіяй вайна тычыцца столькіх фундаментальных пытанняў аб тым, як далей жыць Еўропе, як абараняць свае каштоўнасці і якія тут геапалітычныя абмежаванні, што нават малыя нацыянальныя дзяржавы больш не могуць хавацца пад коўдру", — піша Бойс.

Ён лічыць, што выбар павінны зрабіць не толькі малыя нейтральныя краіны, але і Турцыя. Аглядальнік лічыць, што Рэджэпу Таіпу Эрдагану трэба зрабіць выбар, каб не "пляснуцца паміж двух крэслаў". А пакуль ён "здаецца, думае, што зможа стаяць адной нагой у Расіі, другой на Захадзе, застаючыся ўплывовым членам NATO".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.