"Вайна прыйшла і да мёртвых": рэпартаж з Чарнігава

Чарнігаў пасля абстрэлаў расійскімі акупантамі / Калян Пастыка / hromadske
Чарнігаў пасля абстрэлаў расійскімі акупантамі / Калян Пастыка / hromadske

Чарнігаў, размешчаны за 100 кіламетраў ад беларускага Гомеля, трапіў пад абстрэл расійскіх войскаў у першыя ж дні вайны. Амаль месяц горад быў абкружаны з усіх бакоў. У канцы сакавіка расіяне ўзарвалі ўсе масты, з тых часоў прывезці што-небудзь у абласны цэнтр, дзе ўжо не было святла, ацяплення, вады і сувязі, было амаль немагчыма, як і эвакуяваць людзей. Жыхароў у горадзе засталося больш за сто тысяч — утрая менш, чым да вайны.

Цэлы месяц Чарнігаў быў пад пастаяннымі абстрэламі. Яго ўскраіны знішчылі амаль дашчэнту. Больш за 350 мірных жыхароў загінулі ад абстрэлаў, але значна больш памерлі ад нястачы лекаў, ежы, цяпла.

Абаронцы Чарнігава не толькі не ўпусцілі расіян, але і не прапусцілі іх далей — на Кіеў. Якой цаной гэта далося і як горад прыходзіць у сябе ад вайны — у рэпартажы hromadske.

На ўскраіне Чарнігава — ціха і пуста. Нібы жыццё адсюль пайшло і не вярнулася. Пад плотам на лаўцы самотна сядзіць пажылы мужчына.

"Добры дзень, ці можна з вамі пагаварыць?" — ідзём да яго. Мужчына не рэагуе. Вітаемся яшчэ раз: "Мы — журналісты!" — спрабуем прабіцца. Ён працягвае маўчаць. Потым падымаецца з лаўкі, углядаецца. Паказвае на вушы і тлумачыць, што дрэнна чуе: "Перапонкі палопаліся ад выбухаў. Аглух. Перажыў усё гэта пекла. Мне 70 гадоў".

Мужчыну завуць Мікалай. Калі большасць яго суседзяў уцяклі ад вайны, ён не з'ехаў: "Я на гэтай зямлі пражыў і не сышоў і застаўся жывы. Дзякуй богу".

Але выжылі не ўсе. Мікалай крычыць і парушае мёртвую цішыню, якая навісла над яго горадам. Вядзе нас у завалены зямлёй падвал. Там хаваліся ад абстрэлаў яго пляменнік з жонкай. Пляменнік загінуў. Яго пахавалі проста на агародзе за некалькі метраў ад месца гібелі.

На магіле спехам збіты крыж. На грубай неапрацаванай драўніне — булачка і тры цукеркі. На чорнай зямлі — карычневая вадкасць у пластыкавым кубачку.

"Вось і ўсё. Колькі пражыў, такога не бачыў. Пуціну на тым свеце не будзе спачыну. Што тут рабілася. Крый божа", — Мікалай спрабуе акрыяць ад перажытага.

"Война пришла и к мертвым": репортаж из Чернигова
Мікалай, які выжыў у Чарнігаве / Калян Пастыка / hromadske

Яго дом — адзіны ацалелы на ўсёй вуліцы, толькі выбіла вокны, і гэты цуд ён таксама спрабуе "пераварыць". А заадно і дзякуе — усіх, хто вяртаецца на родную вуліцу, селіць у сябе.

На старых могілках Чарнігава, дзе ў апошнія гады нікога не хавалі, цяпер велізарная прагаліна з нядаўна разаранай глебай. Роўнымі радкамі з зямлі тырчаць шыльдачкі з імёнамі і прозвішчамі пахаваных тут за апошнія тыдні.

На адных ёсць поўная інфармацыя — з датамі нараджэння і смерці. На іншых — толькі прозвішча або адрас, дзе знайшлі памерлага. Сюды пастаянна хтосьці прыязджае і прыходзіць. Жывыя шукаюць памерлых. Вось пажылы мужчына прачэсвае магілу за магілай. Учытваецца ў кожную шыльду — шукае сваіх.

"Яго 15-га пахавалі, а мы толькі 25-га даведаліся, што ён забіты", — жанчына ў ружовай шапцы і карычневай куртцы знайшла свайго мужа. Высвятляецца, нават мёртвым знайсці ў часе вайны — удача, у многіх няма ні найменшай інфармацыі, дзе іх родныя. Каб больш не блытацца паміж аднолькавымі шыльдачкамі, сям'я прыкопвае на магіле палку і прывязвае да яе чорную медыцынскую маску — як знак, каб здалёк было відаць.

"Война пришла и к мертвым": репортаж из Чернигова
Магіла жыхара Чарнігава з назвай вуліцы і адрасам / Калян Пастыка / hromadske

120 цел ляжалі паўсюль

У моргу другой гарадской лякарні Чарнігава ў куце пакоя дзясятак драўляных шыльдачак на штырах. Валянціна — супрацоўніца морга — бярэ адну з іх. Акуратным каліграфічным почыркам выводзіць імя: "Вера". Хоць веры пасля кожнага новага дня ў акупацыі заставалася ўсё менш, Валянціна працягвала прыходзіць сюды і працаваць. Хтосьці клапоціцца пра жывых, хтосьці — пра памерлых.

"Я тут працую з пачатку вайны. Было вельмі шмат людзей. Вельмі. Па 40 нябожчыкаў у дзень. Дзякуй кіраўніцтву, што змаглі здабыць труны і што ніхто не залежваўся. Шыльдачкі мы падпісваем. Па іх людзі шукаюць сваіх памерлых, а потым ужо ўсталёўваюць свае крыжы або перахоўваюць, гэта ўжо іх справа. Шыльдачкі — каб людзі не шукалі ветру ў полі".

Сяргей Андрэеў, загадчык патолагаанатамічнага аддзялення лякарні, расказвае, што ў часе кавіднай пандэміі, калі паступала па 18 цел у дзень, ім здавалася, што гэта максімум, на які здольнае і памяшканне, і работнікі. Але ў часе вайны бывала і па 50 цел у суткі.

"Война пришла и к мертвым": репортаж из Чернигова
Супрацоўніца морга Валянціна з драўлянай шыльдачкай для загінулых / Калян Пастыка / hromadske

"Морг быў перапоўнены. 120 цел ляжалі паўсюль — на падлозе, на сталах, таму што не было куды іх складаць. Потым сітуацыя выраўнавалася. Наладзілася сістэма пахаванняў. Пачалі патроху вырабляць труны", — успамінае Андрэеў.

Мы выходзім ва ўнутраны двор морга. Ён застаўлены простымі драўлянымі трунамі. На адной — шыльдачка з прозвішчам, датай нараджэння і смерці. Аляксандр не дажыў некалькіх дзён да свайго 38-га дня нараджэння.

Калі ў моргу, як і ва ўсім горадзе, знікла святло, целы ў скрынках захоўвалі проста тут, на вуліцы. "Добра, што мінусавая тэмпература была", — кажа Андрэеў. Ён падыходзіць да вялікага грузавіка, прыпаркаванага побач з драўлянымі трунамі. Звычайна ў такіх машынах-рэфрыжэратарах захоўваюцца прадукты.

Патолагаанатам адчыняе дзверы, яны рыпяць. За імі — на падлозе рэфрыжэратара — больш за дзясятак цел. Андрэеў заходзіць унутр, праходзіць паміж загінулымі, аглядае. Гэта целы тых людзей, каго не апазналі і ў каго не было дакументаў. Іх ужо аддалі на судова-медыцынскую экспертызу.

"Больш за 800 мы пахавалі. Раней за год было 800. Магутнасці морга не разлічаныя на такія колькасці. Усё даводзілася рабіць самім. Не важна, хто ты — лекар, санітарка, лабарантка. Усе мы навучыліся забіваць цвікі", — кажа Андрэеў.

Большасць памерла не праз раненні. А ад таго, што ў заблакаваным расіянамі горадзе ў людзей не было самага неабходнага: ежы, лекаў, медыцынскай дапамогі. Хуткія ў Чарнігаве проста не заўсёды маглі выязджаць на выклікі да цывільных. Напрыклад, калі схапіла сэрца або падняўся ціск, чалавек не атрымліваў першай медыцынскай дапамогі і паміраў.

"Война пришла и к мертвым": репортаж из Чернигова
Жыхар Чарнігава шукае сваіх загінулых блізкіх / Калян Пастыка / hromadske

Дом згарэў. Сына забілі

У палатах другой гарадской лякарні Чарнігава — дзясяткі тых, каго дактары змаглі выратаваць пасля абстрэлаў. З рук і ног тырчаць жалезныя штыры. Гэта — апараты вонкавай фіксацыі.

Мужчына ў футболцы колеру хакі прыўздымае коўдру і паказвае сваю знявечаную нагу. Яго завуць Юрый. 10 сакавіка ад яго дома нічога не засталося. Але сам Юрый застаўся ў горадзе. Разам з сынам дапамагаў пажылым людзям. 26 сакавіка яны ўвайшлі ў дом, куды прывезлі прадукты, і туды заляцела міна.

"Сына, кума — напавал. Сыну 19 гадоў было. Лепш бы я загінуў, а сын хай жыў, яму жыць і жыць. Я ў Афганістане адваяваў два з паловай гады, там пранесла. А тут сукі-нягоднікі прыйшлі людзей забіваць незразумела за што", — Юрый ледзь стрымлівае слёзы.

"Война пришла и к мертвым": репортаж из Чернигова
Юрый, які выжыў пасля абстрэлаў у Чарнігаве, страціў сына і кума / Калян Пастыка / hromadske

300 спартанцаў другой гарадской лякарні Чарнігава

У часе актыўных абстрэлаў, расказвае загадчык траўматалагічнага аддзялення Багдан Ражыла, яны з калегамі працавалі адразу ў трох аперацыйных. Аперавалі на першым паверсе, каб не губляць час.

"У трох аперацыйных на трох сталах усе — траўматолагі, хірургі, уролагі, — хто мае хірургічны профіль, усе рабілі адно і тое. Траўматалогія займала чатыры паверхі. Усе былі з траўмамі пасля авіяналётаў, абстрэлаў чэргаў", — успамінае Ражыла.

Ён заводзіць нас у свой кабінет, у якім жыве апошнія некалькі тыдняў. Тут дзве клеткі з папугаямі: работнікі лякарні перавезлі на працу сямейнікаў і хатніх гадаванцаў. Таму што проста не было магчымасці ездзіць туды-сюды.

"Вельмі хочацца ўжо дома паспаць", — кажа Ражыла.

Такіх, як ён — дактароў і медыцынскіх сясцёр другой гарадской лякарні, якія не выехалі з Чарнігава, — 300. Зрэшты, большасць персаналу з'ехала. У лякарні застаўся касцяк, кажа галоўны доктар Уладзіслаў Кухар.

Ён лічыць, што яго калегі не мелі права пакідаць лякарню: "Маё святое перакананне, што медработнікі не павінны выязджаць. Мы працуем у стратэгічнай установе. Мы працуем ва ўстанове крытычнай інфраструктуры. Мы ўсе давалі прысягу. Большасць з нас ваеннаабавязаныя. Ну як можна пакінуць сваё месца працы? А калі б усе так зрабілі — з'ехалі. Павесілі б замок на лякарню? І памірайце так?!"

Ганна Альбінаўна памерла б, калі б лекары не аказалі ёй дапамогі. Авіяналёт заспеў жанчыну дома.

"Я была на кухні, і было адчынена акно. Паспела крыкнуць: самалёт — і больш нічога не памятаю. Мне вену прабіла, галаву. Кроў лілася, усё было заліта крывёю. Я выскачыла, і мяне "хуткая" забрала. А многія тут загінулі", — Ганна выцягвае коўдру з цёмнымі плямамі крыві. І паказвае запырсканыя сцены. У шоку яна тады змагла выбрацца ў двор. Нават толкам не памятае як. Болю, кажа, не адчувала.

"Выскачыла. Дзякуй, што перавязалі. Тут галава была прабітая. Вось шнар на лбе зарастае. Вось так цякла кроў з мяне. Хутка забралі. Далі нейкую штору, каб накрыцца. Ехала я ў "хуткай", ляжаў мужчына з адарванай нагой", — успамінае Ганна.

У сваёй кватэры жанчына больш не жыве. Пасля таго як цудам ацалела, пераехала да сястры. Але дадому наведваецца: наводзіць парадак, прыбірае смецце, у якое расіяне ператварылі тое, што калісьці было яе жыццём. І дзівіцца: у яе доме жылі адны пенсіянеры, якую пагрозу яны маглі ўяўляць акупантам?

"Война пришла и к мертвым": репортаж из Чернигова
Ганна Альбінаўна, выратаваная чарнігаўскімі лекарамі, паказвае коўдру, на якой яна ляжала, калі была параненая / Калян Пастыка / hromadske

Вайна прыйшла нават да мёртвых

На гарадскіх могілках Чарнігава "Яцава" на ветры лунаюць ірваныя сіня-жоўтыя сцягі. Тут іх цэлыя шэрагі — побач з кожнай магілай загінулага ў расійска-ўкраінскай вайне яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання.

"На гэтых могілках, на цэнтральнай алеі, хавалі загінулых ваяроў АТА. Але бачыце, вайна прыйшла і да мёртвых", — кажа Багдан з муніцыпальнай варты Чарнігава.

Знявечаных магіл украінскіх абаронцаў тут — дзясяткі, таму што могілкі "Яцава" фактычна апынуліся на перадавой.

Магіла Уладзіміра Цітарчука ўсеяная камянямі. Яго партрэт напалову разбіты. Кібарг Цітарчук з пазыўным "Цешча", капітан УСУ, загінуў у Данецкім аэрапорце 17 кастрычніка 2014 года. Тут, на могілках, ён павінен быў здабыць вечны спачын, але расіяне прыйшлі і сюды і патрывожылі яго нават пасля смерці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі