Варшавян пазнаёмілі з Беларуссю…

Магчыма, што ў 253 раз. Але гэтым разам была сапраўдная экзотыка! На затраўку —  бабулькі з Палесся, а на дэсерт — гурт Gurzuf. Перад тым, як насыціцца праграмай, якую падрыхтавалі арганізатары у межах акцыі “Давайце знаёміцца з Беларуссю”, Еўрарадыё запытала ў палякаў, што ж ны ведаюць пра Беларусь.



— Цудоўны край, цудоўныя людзі, але вельмі нешчаслівыя ў палітыцы. Вельмі важна, каб беларусам хапіла рашучасці, бо дапаможа толькі сіла і вера, каб штосьці змяніць.
— Ведаю, што калісьці мы былі разам у адной краіне.
— Ведаем, што на польска-беларускім памежжы існуе культура, якая мае агульныя для абедзвюх краін карані.
— Польскія зубры ўцякаюць ў Беларусь з Белавежскай пушчы.
— Што я ведаю пра Беларусь? О, чорт, гэта складанае пытанне. Шчыра прызнаюся, не шмат пра яе ведаю.

Вось як выглядае Беларусь ў вачах нашых еўрапейскіх суседзяў. Менавіта таму, напэўна, і была арганізавана імпрэза пад назвай “Давайце знаёміцца з Беларуссю“.

Вечарына пачалася са слайдаў з выявамі беларускага Палесся, дзе давялося пабываць пану Пётрыку.



Пётрык — звычайны паляк, які крыху павандраваў па Беларусі з фотакамерай у адной руцэ, і з дыктафонам — у іншай. Наведвальнікам вечарыны пашчасціла пабачыць не толькі фотаздымкі, але і пачуць запісы спеваў жыхароў вёскі Ладарож, якія гучалі фонам на працягу прэзентацыі.



Пётрык  распавядаў пра лепшыя за польскія, але, чамусьці, пустыя беларускія дарогі, пра тое, як яму дапамаглі міліцыянты, ды пра цікавую, на ягоны погляд, традыцыю святкавання Радаўніцы ў нашай краіне. А пасля прызнаўся, што яшчэ хоць зараз наведаў бы Беларусь і выпіў кубак мясцовага піва.

Пётрык: “Без пытанняў наведаў бы Мір, Полацк і, не буду хлусіць, Мінск таксама! І з задавальненнем бы выпіў куфаль “Аліварыі”.

Арыгіналаў, здольных прывезці “Крыніцу-адзіначку“ ў бар варшаўскага індастрыал- клуба “Сон Пчалы“, не знайшлося. Затое арганізатары вечарыны прывезлі туды Gurzuf!


Арганізатары імпрэзы — Артур Здунюк і Томаш Калінскі

Першая ж кампазіцыя сабрала на танцполе ўсіх, хто прыйшоў на вечарыну.






Ягор Забелаў на акардэоне і Арцём Залескі на бубнах стварылі ілюзію цэлага аркестра і, як кажуць, "знеслі дах" сваімі кампазіцыямі.

Глыбокай ноччу з 30 красавіка на 1 траўня асноўны гурт Арцёма ЗалескагаСеребряная свадьба“ граў на фэсце “1-2-3-4-5“ у мінскім клубе “Рэактар“, і драйву, які на сцэне робіць бубнач, там вельмі не хапала.






Gurzuf —гэта эксперыментальны этна-панк, агрэсіўны рок, а часам нават адважны хіп-хоп па-французску з элементамі біт-боксу ад Арцёма. Плюс ўсё гэта міксавалася пад жвавыя саўнды акардэона. Не ўяўляеце, як гэта можа выглядаць?  Тады зацаніце!



Пасля Gurzuf на танцполе змаглі застацца толькі самыя трывалыя тусоўшчыкі.



Яны яшчэ доўга плясалі пад гурты “RockerJoker“, “Серебряная Свадьба“ ды “Ляпіс Трубяцкой“, якія запускаў Dj Ziutek.



І было відаць, што калі б Міхей Насарогаў, Бенька ды Міхалок зайгралі жыўцом, моцы хапіла б і яшчэ на адзін двухгадзінны канцэрт!

Болей фотак з імпрэзы глядзі ў жж фатографа.

Фота: Аляксандр Пералыгін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі