Вы тут

Валерый Дайнека пра "Еўрабачанне": Нам не трэба імкнуцца заваёўваць месцы

Фота Еўрарадыё

11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі прайшоў першы этап нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне 2018". Для фіналу адабралі 11 артыстаў. Старшыня журы адбору Валерый Дайнека падзяліўся з Еўрарадыё думкамі аб праслухоўванні, распавёў, чаму Беларусь не зойме першае месца на конкурсе і чаму ён паставіў насупраць імя Alekseev знак пытання.

Глядзіце відэаверсію размовы:

"Спыняць — гэта нармальна"

 

Мы дамовіліся, што, калі ўсё зусім дрэнна, фальшыва, непрыгожа, няякасныя фанаграмы, будзем спыняць. Я стараўся гэта рабіць у паўзах, не на паўслове, хоць бы даслухваць запеў-прыпеў. А што рабіць? Сядзець нам да гадзіны-дзвюх? Ці праслухаць аўдыё дома? Але жывое выкананне — гэта зусім іншае! Спыняць — гэта нармальна.

 

"Ніхто не тэлефанаваў і не прасіў"

 

Ходзяць усякія чуткі, маўляў, кагосьці прапіхваюць, праштурхоўваюць. Магу адразу сказаць, што ў нас гэтага няма. Я адказваю за два праслухоўванні — за мінулы год і цяпер. Былі патугі. Але я не чуў ні аднаго званка, хоць прадзюсары або кампазітары гэтых выступоўцаў, хлопцаў — мае сябры. Ніхто не тэлефанаваў і не прасіў. Я не адчуваю ніякага ціску. Думаў, што Аляксеева будуць прапіхваць, таму што паўсюль пра гэта пісалі, але няма.

Журы нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне 2018"

"Не трэба настройвацца на перамогу. Трэба выставіць чалавека, за якога будзе не сорамна"

 

Мы ўсё роўна не пераможам. Нам не дадуць. Да таго ж, хто за нас прагаласуе? Украіна, Расія, Літва, Малдова. Усё. Можна напісаць супер-песню, але яе проста нерэальна праціснуць. У Еўропе цэлая сістэма, разлічаная на сваіх выканаўцаў.

Не трэба настройвацца на перамогу. Трэба выставіць чалавека, за якога будзе не сорамна. Вось за Naviband было не сорамна, за Тэа, Юзары, Калдуна. Не трэба імкнуцца заваёўваць месца. Гэта не той конкурс. Тут павінны сябе паказаць. Максімум мы выконваем. І не трэба галаву забіваць, што мы няўдачнікі. Нічога падобнага.

Для таго, каб перамагаць, нам трэба ехаць у Еўропу, з кім-небудзь дамаўляцца, пісаць песню на замежнай мове. А гэта ўжо не Беларусь будзе.

 

"Аляксееву я паставіў плюс з пытаннем"

 

Гюнеш заслужыла паездку на конкурс сваім напорам і сваім талентам. І калі так атрымаецца, што яна паедзе ў Лісабон, гэта будзе годна. Яна ўчора спявала так, як быццам гэта была фанаграма, у яе шыкоўны голас. У фінале ёсць некалькі годных артыстаў. Я маю на ўвазе не расіянку і ўкраінца, а беларусаў.

Аляксееву я паставіў плюс з пытаннем. У 2016-м годзе я яго слухаў на "Голасе", і ён мне спадабаўся — такі яркі малады талент. А конкурсная песня — ніякая, нешта тужлівае, і, калі ён не паедзе, гэта будзе вельмі добра. Ён малады хлопец, у яго ўсё наперадзе. Гэтак жа будзе нястрашна, калі не паедзе Аляксандра Ткач. Яна таленавітая і маладая, голас выдатны, піша песні добрыя, за яе прагаласавалі ўсе ў журы.

Кацярына Дулава, Дзяніс Дудзінскі, Вікторыя Алешка, Валерый Дайнэка у журы нацыянальнага адбору

"Shuma — абсалютна ў фармаце беларускага адбору"

 

Вымаўленне мне спадабалася ў Сашы Ткач і Кірыла Ермакова. У яго яшчэ і песня добрая — завадная, сучасная. Можа быць, усё-ткі нефармат. Яна даволі складаная, мудрагелістая, яе ніхто, акрамя яго, не пераспявае.

Shuma, магчыма, была не ў фармаце "Еўрабачання", але абсалютна ў фармаце беларускага адбору. Гэта стыльны і сучасны этна-гурт. Калі яны лепш, чым учора, зробяць нумар, то ў іх, вядома, ёсць шанцы. Але зноў жа, ёсць шанцы ва ўсіх.

 

"Нумар Жанэт — цалкам цудоўны. Але ён будзе незразумелы ў Еўропе"

 

Жанэт пратроліла "Еўрабачанне" і зрабіла гэта наўмысна. Яна зрабіла нумар, які ўсім спадабаўся. Цалкам цудоўны. Відаць было, што яна проста вырашылася на такі нечаканы крок. Гэта было вельмі смешна, у жылу. Зразумела, што яна не спадзявалася прайсці далей. Проста выйшла і ўсё. Але ў Еўропе яе песню не зразумеюць.

 

Галоўнае

Выбар рэдакцыі