Вы тут

Ва Украіну з'ехала жонка аднаго з топ-менеджараў кампаніі PandaDoс

Аляксандра Дзікан на акцыі ў Кіеве / svaboda.org

Ва Украіну з'ехала Аляксандра Дзікан, жонка аднаго з затрыманых топ-менеджараў ІТ-кампаніі PandaDoс Віктара Куўшынава. Жанчына з'ехала разам з сынам, як перадае Радыё "Свабода", пасля папярэджання пра магчымы перасьлед.

Па словах Аляксандры, пра ад'езд яе папрасіў затрыманы муж. "Ён перадаў мне, каб я з'язджала, каб яму было больш спакойна. Бо яны ж ціснуць на ўразлівыя месцы, шантажуюць блізкімі і роднымі. Апроч таго, я яшчэ лічуся заснавальніцай недзяржаўнай арганізацыі. І, нягледзячы на тое, што я там ужо не працую год, пад мяне таксама пачалі "капаць", — кажа жанчына.

Ужо ў Кіеве Дзікан даведалася, што на БТ выйшаў сюжэт, у якім распавядалася, як яна нібыта ўдзельнічала ў "замежным фінансаванні" жаночых пратэстаў недзяржаўную арганізацыю.

"PandaDoс пэўны час дапамагала, спансавала на бязвыплатнай аснове арганізацыю "Цэнтр прасоўвання правоў жанчын", якую я заснавала, але на той момант ужо ў ёй не працавала. Гэта была стандартная праца з фондамі ў Беларусі, і яны "расследавалі", што праз мяне пераводзяць грошы ў Беларусь і фінансуюць жаночыя пратэсты. Тады мне і сказалі, што лепш выехаць тэрмінова. І мы выехалі з сынам. Потым да мяне прыехала мама, каб дапамагаць", — распавядае яна.

Дзікан заяўляе, што PandaDoc пералічыла гэтай арганізацыі каля 3000 долараў, але грошы практычна не былі выкарыстаныя. У тэлесюжэце гаворка ішла пра "амаль 19 тысяч долараў".

Да выезду Аляксандра пабачыла свайго мужа ў Дэпартамэнце фінансавых расследаванняў — праз тры дні пасля ягонага затрымання. "Іх туды прывезлі з Акрэсціна на допыт, да пераводу на Валадарскага. І вось тады я яго пабачыла. Яго прывезлі ў кайданках — як злачынцу, бандыта. Я тады перадала яму перадачу і абняла. Тады я ўжо разумела, што, напэўна, усё сур’ёзна, але яшчэ не ўсведамляла, што яго бачу апошні раз на найбліжэйшую перспектыву", — кажа яна.

Дзікан арандуе кватэру ў Кіеве і пакуль не ведае, ці будзе звяртацца да ўкраінскіх уладаў па легалізацыю. Кажа, што хоча вярнуцца ў вольную Беларусь і сустрэцца з мужам.

Па справе PandaDoc ўзятыя пад варту Віктар Куўшынаў, Дзмітрый Рабцэвіч, Уладзіслаў Міхалап, Юлія Шардыка. У кампаніі і дома ў супрацоўнікаў прайшлі ператрусы.

Пасля гэтага ціску заснавальнік і кіраўнік PandaDoc Мікіта Мікада заявіў, што згортвае дзейнасць па падтрымцы сілавікоў, якія вырашылі выйсці ў адстаўку пасля разгону мірных пратэстаў у Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.