Ва Ўкраіне затрымалі пяцёх афіцэраў расійскай разведкі

Ва Ўкраіне шпіёнскі скандал. Сёння старшыня Службы бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што ў Адэскай вобласці 27 студзеня затрыманыя пяцёра афіцэраў Федэральнай службы бяспекі Расіі, якія спрабавалі атрымаць звесткі ў ваеннай і абароннай сферах, што з'яўляюцца ваеннай таямніцай.   Па словах старшыні Службы бяспекі Ўкраіны, сустрэча з агентам адбывалася ў 14 км ад дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым меры прыкрыцця на іншым аўтамабілі ажыццяўлялі яшчэ тры афіцэры ФСБ Расіі, ваеннаслужачы аператыўнай групы расійскіх войскаў Прыднястроўскага рэгіёну Рэспублікі Малдова. За дзеяннямі сваіх падначаленых, якія прыкрывалі шпіёнскую акцыю і забяспечвалі бяспеку разведчыка, здалёк назіраў іх кіраўнік — падпалкоўнік, начальнік аддзела ваеннай контрразведкі ФСБ РФ, які ўцёк з месца здарэння, пакінуўшы сваіх падначаленых.

Падчас асабістага дагляду затрыманых супрацоўнікі СБУ канфіскавалі прыладу шпіёнскай  дзейнасці: лічбавыя дыктафоны, уманціраваную ў аўтаручку відэакамеру, закамуфляваны кантэйнер для захоўвання лічбавых даных, у тым ліку з інструкцыямі для агента, ноўтбук, флэшкі, 2 тысячы долараў. 

Па словах Валянціна Налівайчанкі, адным з доказаў таго, што акцыю ажыццяўлялі афіцэры ФСБ, з'яўляецца выяўленая на карце памяці мабільнага тэлефона фотакопія таемнай інструкцыі, якая рэгламентуе агентурную дзейнасць ФСБ Расіі. Старшы афіцэр спецслужбы Расіі, як высветлілася, спецыяльна прыбыў з Масквы для кіравання разведаперацыяй. Усе затрыманыя расійскія афіцэры ўехалі ва Ўкраіну з Прыднястроўя. 

Устаноўлена, што некалькі месяцаў таму яны захапілі на тэрыторыі Прыднястроўя грамадзяніна Ўкраіны, даставілі яго на ваенную базу, дзе пад пагрозамі прымусілі яго да супрацоўніцтва. 

Валянцін Налівайчанка: "Па стане на сёння, акрамя арыштаванага, які знаходзіцца пад следствам па артыкулу 114 (шпіянаж), пяць іншых супрацоўнікаў высланы з нашай краіны. Ім забаронены ўезд у нашу дзяржаву, і паколькі яны заязджалі з Прыднястроўя, Рэспубліка Малдова, то расійскім пагранічнікам у 7-й раніцы 30 студзеня мы ім іх і перадалі. Што тычыцца арганізатара і галоўнага падазронага — падкрэсліваю, следства працягваецца". 

Украінскі бок  ва ўстаноўленым парадку праінфармавала аб гэтых падзеях кіраўніцтва  ФСБ Расіі і Пасольства Расіі ў Украіне. 

Акрамя таго, Валянцін Налівайчанкі паведаміў, што 29 студзеня супрацоўнікі СБУ затрымалі грамадзяніна Расіі і жыхара Севастопаля, якія спрабавалі атрымаць і вывезці за мяжу блокі ад карабельных радыёлакацыйных станцый па назіранню за крылатымі ракетамі. 

У прыватнасці, старшыня СБУ удакладніў, што затрыманы  грамадзянін Расіі працуе намеснікам дырэктара аднаго з прадпрыемстваў абаронна-прамысловага комплексу Расіі, якое спецыялізуецца на вытворчасці прыёмна-передавальнага абсталявання для ваенна-марскіх плаўсродкаў і аварыйна-марскіх комплексаў. 

Устаноўлена, што, знаходзячыся восенню 2009 года на тэрыторыі Ўкраіны, гэты чалавек ўсталяваў сувязь з жыхаром Севастопаля, які ў мінулым праходзіў вайсковую службу ва Ўзброеных сілах Расіі і да снежня 2009 года кіраваў адным з падраздзяленняў у складзе Чарнаморскага флоту Расіі. За грашовае ўзнагароджанне ў 4 тыс. долараў ён павінен быў скрасці і перадаць гэтыя сакрэтныя блокі.

Галоўным следчым упраўленнем СБУ ў адносінах да расіяніна распачатая крымінальная справа па фа кце шпіянажу. У дачыненні да грамадзяніна Ўкраіны распачатая крымінальная справа па арт. 111 (дзяржаўная здрада). Па рашэнні суда абодва фігуранты справы ўзятыя пад варту.