Ва Украіне загінуў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, які ваяваў на баку Расіі

Ва Украіне загінуў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, які ваяваў на баку Расіі — старшы лейтэнант Андрэй Бабко. Яму было 35 гадоў. Афіцэра днямі пахавалі ў расійскім горадзе Цвер, паведамляе afanasy.biz.

Бабко служыў у асобным разведвальным батальёне танкавай дывізіі расійскай арміі. Ваенную адукацыю ён атрымаў у Чарапаўцы ў ваенным інжынерным інстытуце радыёэлектронікі.

Вядома, што бацька Андрэя Бабко служыў ў мар’інагорскім спецназе, а загінуў у першую чачэнскую вайну, калі ваяваў на баку расіян.

Бабко — не першы ўраджэнец Беларусі, які ваяваў ва Украіне на баку РФ і загінуў. Вядома пра некалькіх чалавек, а ў траўні ў Лідзе пахавалі адстаўнога палкоўніка беларускага войска, ураджэнца Расіі Мікалая Маркава.

Значна больш беларусаў ваюе за Украіну. МУС Беларусі здолела высветліць прозвішчы толькі часткі з іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.