Ва Ўкраіне працуе каля 2 тысяч беларускіх прадпрыемстваў

"Нягледзячы на размовы пра складанасць вядзення бізнесу ва Ўкраіне, у нас налічваецца больш за 1800 прадпрыемстваў, дзе заснавальнікамі з'яўляюцца беларусы ці беларускія кампаніі, а імпарт беларускіх тавараў істотна перавышае наш экспарт", — заявіла намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэту Украіны з пытанняў рэгуляторнай палітыкі і прадпрымальніцтва Святлана Свішчава 18 лістапада ў Кіеве пад час сёмага пасяджэння ўкраінска-беларускай працоўнай групы па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У сваю чаргу начальнік упраўлення прадпрымальніцтва, намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Каліноўскі адзначыў, што досвед Украіны з'яўляецца вельмі важным. Паводле ягоных слоў, зараз беларускі ўрад працуе над стварэннем умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу. "Для ўкраінскіх калегаў цікавым можа быць беларускі досвед стварэння сістэмы рэгістрацыі юрыдычных асобаў за 1 дзень", — лічыць Аляксандр Каліноўскі.

Як вядома, зараз ва Ўкраіне адбываецца масавая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў супраць прыняцця ўрадавага варыянту Падатковага кодэксу, якім плануецца заправадзіць правядзенне пазапланавых праверак без адпаведнага судовага рашэння, забарону ўключэння ў выдаткі вартасці тавараў, работ і паслуг, які надае фізічная асоба – плацельшчык падаткаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, а таксама магчымасць арышту маёмасці прадпрымальніка без рашэння суду пры наяўнасці падатковай запазычанасці і ў выпадку яго адмовы на правядзенне дакументальнай праверкі  ягонага бізнесу. Прадпрымальнікі лічаць, што гэтыя ды іншыя ўрадавыя захады знішчаць увесь малы і сярэдні бізнес у краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі