Ва Украіне асудзілі шпіёна "Вагнера", якога злавілі пры ўцёках у Беларусь
![Юрый Чарнышоў](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-01/vahner-0901.jpg.webp?itok=WhTC8BlX)
Юрый Чарнышоў / dialog.ua
Ва Украіне 15 гадоў пазбаўлення волі прысудзілі былому вайскоўцу з Жытоміра. Як паведамляе офіс генпракурора Украіны, яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, здзейсненай ва ўмовах ваеннага становішча.
Як заяўляюць у СБУ, гаворка ідзе пра былога намесніка начальніка штаба танкавай арміі. На пачатку 1990-х ён пайшоў у адстаўку. "Сярод яго асноўных задач у шэрагах армейскага злучэння Савецкага Саюза была арганізацыя ваеннай разведкі. Такая пасада дазваляла яму сфармаваць шырокія асабістыя сувязі сярод вайскоўцаў, у тым ліку на тэрыторыі Расіі", — заяўляюць у СБУ.
Паводле даных следства, з верасня 2022-га да лютага 2023-га мужчына актыўна супрацоўнічаў з выведкай ПВК "Вагнер". Ён вывучаў размяшчэнне стратэгічна важных аб'ектаў, вайсковых часцей, колькасць, маршруты перамяшчэння ўкраінскай вайсковай тэхнікі. Атрыманыя разведданыя экс-вайсковец наносіў на падрабязную карту абласнога цэнтра, фатаграфаваў і высылаў расійскай разведцы.
Затрымалі яго ў сакавіку 2023 года. Суд вызваліў яго пад заклад. Пасля гэтага экс-вайсковец спрабаваў уцячы ў Беларусь, але яго затрымалі за 300 метраў ад мяжы.
Паводле інфармацыі "Украінскай праўды", гаворка ідзе пра палкоўніка ў адстаўцы Юрыя Чарнышова.
![Ва Украіне асудзілі шпіёна "Вагнера", якога злавілі пры ўцёках у Беларусь](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/vahner-0901-2.jpg.webp?itok=LRoMad-l)
Суд над шпіёнам-вагнераўцам / Пракуратура Жытоміра
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.