Узначаліць Рускі тэатр прапанавалі рэжысёру Сяргею Кавальчыку

З ім вядзе перамовы міністр культуры, распавёў Еўрарадыё Барыс Луцэнка. А Мікалаю Пінігіну – па чутках – збіраюцца прапанаваць стаць галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра. Па словах Барыса Луцэнкі, былога мастацкага кіраўніка Рускага тэатра, кандыдатура Кавальчыка разглядаецца ўсур’ёз. З ім ужо неаднойчы вяліся перамовы. Луцэнка параўноўвае прыход Кавальчыка з колішнім сваім. Кажа, што яны супадаюць нават па ўзросце – Кавальчыку цяпер 38 гадоў.

Барыс Луцэнка: “Цяпер ідуць перамовы з рэжысёрам Сяргеем Кавальчыкам. І, здаецца, міністр ужо нават з ім гаварыў. Я ведаю яго і ведаю яго бацьку Міхаіла Кавальчыка… Канешне, прыйдзе зараз Кавальчык, яму трэба нешта сваё паставіць. Як я калісьці з “Макбета” пачынаў… Яму трэба пачаць з таго, што ён хоча, выбраць п’есу, выбраць акцёраў і, канешне, паказаць клас”.

Сам жа Кавальчык каментаваць перамовы адмаўляецца. Маўляў, дамова яшчэ не падпісаная, а значыць, нічога няма.

Сяргей Кавальчык: “Без каментароў пакуль. Я, ведаеце, не магу пакуль даваць каментароў, бо… вы самі разумееце… Нічога ж не ясна яшчэ! Вы кажаце, чуткі. А я вучуся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і таму веру толькі дамовам, падпісаным ці непадпісаным мной. Пакуль што дамоў заключана не было. А ўсё, што тычыцца слоў… Гэта сёння можна так сказаць, заўтра – гэтак. Факт – гэта падпісаная дамова, і я вам пакуль нічога пацвердзіць не магу”.

Даведка Еўрарадыё: Сяргей Кавальчык працуе цяпер у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Найбольш вядомыя яго пастаноўкі – рок-опера “Адвечная песня”, спектакль "Кабала святош (Мальер)", "Шлях у Царград", “Сёстры Псіхеі” і шматлікія музычныя дзіцячыя казкі ("Айбаліт, Бармалей, пра жывёл і Брадвей", "Воўк-мараплавец" і інш.).

Луцэнка ўзгадвае, як перамовы вяліся з ім, перад тым, як ён стаў мастацкім кіраўніком Рускага тэатр. Ён кажа, што яму задавалі “ўсякія пытанні”, і толькі потым “далі згоду”.

Барыс Луцэнка: “Ну, таксама вялі перамовы. Нават са мной тады меў размову Машэраў, перад тым як мяне прызначыць і Раеўскага таксама. Задаваў мне ўсякія пытанні і толькі пасля гэтага мяне прызначыў”.

Пра Мікалая Пінігіна Барыс Луцэнка гаворыць мала. Але кажа, што яны не могуць прапанаваць яму такія ж умовы, як Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр.

Барыс Луцэнка:
“Мы прапанавалі Мікалаю Пінігіну, але пакуль ён паставіў занадта невыносныя ўмовы. Ён працуе ў Вялікім драматычным тэатры, там яму плацяць дзве тысячы долараў у месяц. У нас такіх увогуле ставак няма. Потым, ён хоча трохпакаёвую кватэру. Прычым яму даюць службовую, але ён хоча пастаянную”.

Луцэнка падаў у размове цікавую інфармацыю: магчыма, Пінігіну прапануюць узначаліць Купалаўскі тэатр.

Барыс Луцэнка: “Пінігін, як мне сказалі, магчыма, будзе галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра. Ён да “купалаўцаў” бліжэй і ставіць там цяпер п’есу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі