Уступная кампанія 2008: хацеў на журфак, паступіў на аўтатрактарны

Самай вялікай інтрыгай сёлетняй уступнай кампаніі ў ВНУ сталі прахадныя балы, а пікам кампаніі — апошнія дні падачы дакументаў, калі абітурыенты спрабавалі вылічыць, куды яны праходзяць на бясплатнае дакладна. Выявілася, што страчваюць папулярнасць прафесіі юрыста і радыёэлектроншчыка. А вось спецыялісты-міжнароднікі і знаўцы замежных моваў па-ранейшаму карыстаюцца попытам.
“Еўрапейскае радыё для Беларусі” даведалася, куды трапілі самыя разумныя абітурыенты і дзе пашчасціла прайсці на "бюджэт" абітурыентам з самым нізкім балам.

Шмат хто з абітурыентаў спадзяваўся на тое, што прахадныя балы сёлета будуць ніжэйшыя за леташнія, бо вельмі ж дрэнна ўсе здалі цэнтралізаванае тэставанне. Аднак балы не толькі не знізіліся, але, прыкладам, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) і ў Белдзяржуніверсітэце (БДУ) на некаторых спецыяльнасцях нават выраслі.

У галоўным універсітэце краіны найвышэйшыя балы — 344 і 352 — зафіксаваныя на факультэтах філасофіі і сацыяльных навук (спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» ды «сусветная эканоміка») і прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (спецыяльнасць «камп'ютэрная бяспека»). Натуральна, высокі прахадны бал быў і на спецыяльнасці аднаго з найпрэстыжнейшых факультэтаў БДУ — факультэта міжнародных адносінаў. Туды ішлі абітурыенты з баламі, вышэйшымі за 370. Клім, які патрапіў у спісы залічаных, кажа, што са сваімі 371 баламі стаў толькі пятым.

Клім: Гэта вышэй за любы прахадны бал на любую спецыяльнасць. На сваёй я пяты. Перад мной адзін пераможца рэспубліканскай алімпіяды і тры чалавекі з вышэйшымі за мяне баламі: 386, 377 і яшчэ адзін, балаў якога я не ведаю.

На гэтым фоне нечакана страціў былыя лідэрскія пазіцыі юрфак, куды на правазнаўства можна было паступіць з 276 баламі.

Шмат хто з абітурыентаў, якія сёлета без праблемаў трапілі у БДУІР, у БДУ паступаць нават не спрабавалі. Ягор год рыхтаваўся паступаць на прыкладную матэматыку, але не праходзіў па балах ужо ў сярэдзіне ўступнай кампаніі. Не патрапіў ён і ў БДУІР — на праграміста. Бо планка склала 340—336 балаў (для гарадскіх і вясковых абітурыентаў адпаведна). Таму з сваімі 269 баламі Ягор будзе вучыцца на інжынера.

Ягор: Я падаў дакументы ў перадапошні дзень. За дзень да канца ўступнай кампаніі на маёй спецыяльнасці 30 абітурыентаў, а ў канцы апошняга дня — больш за 60, то бок конкурс вырас у 2 разы! Яшчэ б некалькі чалавек, і я б не паступіў. Так, я разлічваў на большае. І гэта быў самы складаны год у маім жыцці, бо я яшчэ ніколі столькі не вучыўся. Паступіў не туды, куды хацеў, а каб пашчасціла — быў бы самым шчаслівым чалавекам у свеце.

Зрэшты, выбар заставаўся і ў тых, хто набраў менш. З самым нізкім балам — 226 — можна было паступіць у БДУІР на факультэт радыёэлектронікі (спецыяльнасць «квантавыя інфармацыйныя сістэмы»).

Сёлета паступленне для многіх стала кампрамісам. Так, сябар Ягора замест журфака БДУ пайшоў на аўтатрактарны факультэт БНТУ. А Таццяна замест прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва апынулася на ювелірнай вытворчасці з 224 баламі.

Таццяна: Сюды было паменш. Я яшчэ трэцяя кідала. Пасля ўжо з'явіліся 24 чалавекі, але ў іх было менш, чым у мяне. Але мяне ўсё адно трэсла, я ночы не спала. У апошні дзень стала у 5 гадзін, нічога не магла рабіць.

У былым «палітэху» самымі прэстыжнымі таксама аказаліся спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Аднак у БНТУ на бясплатную форму навучання туды можна было паступіць ужо з 289 баламі (спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі»). І нават з ніжэйшымі. Спецыяльнасць «аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі» – 280—256, «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогіяў» — 264. Найніжэйшыя балы на факультэце інфармацыйных тэхналогіяў і робататэхнікі аказаліся на спецыяльнасці «аўтаматызаваныя электрапрывады» – 224—211.

На перакладніцкім факультэце Лінгвістычнага універсітэта прадказальна лідыруе англійская мова – 342 балы. На другім месцы — нямецкая — 332. А на трэцім... — арабская! З паўпрахаднымі 330. Французская толькі чацвертая — 300 балаў.

Найвышэйшы бал у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (303) — на спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка». І тут самая найбольшая розніца паміж баламі гараджан і вяскоўцаў — ажно 54 балы.

Але самым дэмакратычным аказаўся сёлета Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Сюды на спецыяльнасць «Фізіка. Матэматыка» прымалі з 142—135 баламі. Для параўнання, у Беларускі аграрна-тэхнічны універсітэт з найніжэйшым балам — 161 — прымалі на факультэт «Тэхнічны сэрвіс у АПК» прымалі гараджан і з 145 баламі – вяскоўцаў на агранамічны факультэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі