Усе майкі ды шалікі БАТЭ – пірацкія

Як стала вядома Еўрарадыё, майкі клуба БАТЭ, а таксама шалікі і іншая сімволіка клуба вырабляецца нелегальна недзе ў... Маскве. Аднак кіраўніцтва барысаўскай каманды закрывае на гэта вочы, бо клуб ніякай атрыбутыкі сам пакуль не вырабляе. “Афіцыйнай фірменнай атрыбутыкі БАТЭ пакуль не існуе, — гаворыць Еўрарадыё прэс-сакратар барысаўскага клуба Дзяніс Сарокін. — Усё, што прадаецца на рынках у Барысаве ці ў Мінску — гэта ўсё, скажам так, справа энтузіястаў, якія самі робяць і самі прадаюць. Груба кажучы, гэта кантрафакт, таму што ніякай ліцэнзіі на выпуск гэтай прадукцыі клуб не даваў”.

Сінія і жоўтыя майкі БАТЭ прадаюцца па сярэднім кошце ў 30 тысяч рублёў. Шалікі – па 20 тысяч. Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў сталічны рынак “Дынама”. Паводле слоў прадпрымальніцы Наталлі, майкі БАТЭ ў яе з’явіліся, калі клуб трапіў у Лігу чэмпіёнаў.

Прадпрымальніца: “Прывозім іх з Масквы. Там жа іх і шыюць. Але нейкага неверагоднага попыту на клубную амуніцыю БАТЭ няма. За дзень прадаем адну-дзве майкі. Атрыбутыку замежных клубаў цяпер таксама купляюць мала. Найчасцей бяруць майкі англійскіх клубаў: “Ліверпуля”: “Чэлсі”, “Манчэсцер Юнайтэд”.

Адна-дзве майкі ў дзень на адной кропцы ў зімовы перыяд – гэта неблагі паказчык. Да таго ж асноўны продаж атрыбутыкі клуба адбываецца перад матчамі. Нават англійскія фанаты, якія прыязджалі на матч супраць зборнай Беларусі, куплялі сабе на памяць майкі барысаўскага клуба.

Між тым, якасць маек БАТЭ коштам у 30 тысяч падвальная. Больш менш якасная футболка, дарэчы, таксама прывезеная з Масквы, каштуе 50 тысяч рублёў. Кошт прадпрымальнікі не скідаюць. Цікава, што на майках не падпісаныя нумары і прозвішчы гульцоў. Хутчэй за ўсё маскоўскія вытворцы атрыбутыкі БАТЭ папросту яшчэ не вывучылі імёнаў беларускіх футбалістаў.

Чаму сам клуб не выпускае майкі? Паводле слоў Дзяніса Сарокіна, афіцыйная майка БАТЭ, выпушчаная самім клубам, каштавала б каля 50 долараў, а гэта многім не па кішэні.

Дзяніс Сарокін: “Клуб не хоча прадаваць, умоўна кажучы, якую-небудзь сінтэтычную майку. Гаворка вядзецца пра тое, каб прадаваць арыгінальныя майкі, як гэта робяць усе нармальныя клубы. То бок, каб прадавалася такая самая майка, як у футбаліста БАТЭ, напрыклад, Віталя Радзівонава. Дык вось арыгінал гэтай майкі фірмы “Adidas” каштуе каля 50 долараў”.

Паколькі сам клуб сваю атрыбутыку не выпускае, то ён не хоча чыніць перашкоды тым, хто гэта робіць. Але калі афіцыйная сімволіка БАТЭ ўсё ж з’явіцца, то з кантрафактам пачнуць змагацца. Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, толькі цяпер клуб распачаў маркетынгавае даследаванне з мэтай... вывучыць пакупніцкі попыт.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі