Усаў: будзе вінаватая Ціханоўская, бо стане прыкладам калектыўнай безадказнасці

Усаў: будзе вінаватая Ціханоўская, бо стане прыкладам калектыўнай безадказнасці

Беларуская апазіцыя наступае на старыя граблі: новыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, як і прадстаўнікі старой, цяпер не ўяўляюць сабой адзінай палітычнай сілы і ўсё часцей захрасаюць у міжусобіцах.   

Апазіцыянеры-неафіты канчаткова ператвараюцца ў сваіх старых “калег”? На гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітолаг Павел Усаў. 

“Мы бачым, што ўсё паўтараецца. І гэта нашая хвароба: адсутнасць адказнасці і перад беларусамі, і перад паплечнікамі. У чым падабенства? У гэтай сегментарнасці: колькі год беларуская апазіцыя спрабавала аб’яднацца: колькі было форумаў, кангрэсаў, і вось мы пераходзім на новы этап”.

Але, па словах палітолага, у “старой” і “новай” апазіцыі ёсць вялікае адрозненне:

“У апазіцыі ніколі не было такой моцнай структурнай падтрымкі, як у Беларусі, так і за мяжой. Я кажу і пра падтрымку з боку Захаду, і пра падтрымку з боку дыяспары. Усё гэта магло стварыць легітымныя інстытуты. Была і Каардынацыйная рада, якую можна было зрабіць нейкім адпаведнікам парламента, было і НАУ, якое магло выконваць функцыі ўрада, быў і Офіс Ціханоўскай, які мог стаць адпаведнікам прэзідэнцкай улады. Але гэтага не было зроблена. Не хапіла ні жадання, ні волі. Не ведаю, страх перад адказнасцю? Вядома, рэсурсы былі скіраваныя на абсалютна дзіўныя ініцыятывы, як галасаванне ў 2021 годзе”. 

Усаў працягвае, што на сённяшні момант мы прыйшлі да дэвальвацыі і аўтарытэту, і легітымнасці Ціханоўскай:

“Фактычна не стварылі нічога, што можна было б назваць супольным палітычным арганізмам, які б мог ствараць у перспектыве альтэрнатыву ўладам, бо не трэба забываць, што барацьба не скончыцца ў найбліжэйшыя год-два, а праз гэты час сітуацыя ў апазіцыі будзе яшчэ горшая. Будзе расці расчараванне, а ва ўсім будзе вінаватая Ціханоўская, бо яна стане прыкладам калектыўнай безадказнасці”. 

Ціханоўская павінна з сімвала ператварыцца ў сапраўднага лідара, мяркуе Усаў:

“Рашэнні павінна прымаць сама Ціханоўская, бо пакуль у яе не сфармуецца палітычнай волі і адказнасці, пакуль яна не стане лідарам, не будзе разумення, што на ёй ляжыць адказнасць за будучыню: не на Франку Вячорку, не на Красулінай ці іншых. Цяпер яна шмат у чым дзейнічае як люстэрка: адлюстроўвае і агучвае тое, што выходзіць з яе атачэння. А зараз мы маем крызісную сітуацыю, якая негатыўна адаб’ецца на ўсёй апазіцыі. Вось нават гэтая авантура Макара — гэта даволі моцны ўдар па ўсёй апазіцыі”.    

Паўла Усава асобна папрасілі пракаментаваць “зліў” Ігара Макара.  

Нагадаем, што “Наша Ніва” апублікавала 29 траўня аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, абмяркоўваецца план шантажу ці нават забойства кіраўніка фонду салідарнасці Андрэя Стрыжака.

Фрагменты аўдыя выданню перадаў былы баец спецыяльнага падраздзялення “Алмаз” Ігар Макар. Ён заяўляе, што яго схіляў сабраць кампрамат на Стрыжака іншы былы сілавік Павел Кулажанка, якія цяпер ваюе ва Украіне супраць Расіі.

“Макар — вельмі цікавы персанаж, які то знікаў, то ўзнікаў. Таму такія “злівы” — гэта намаганні перш за ўсё прыцягнуць да сябе ўвагу, замацавацца на нейкай прасторы. Не люблю ўсе гэтыя плёткі, але калі мы кажам пра такія канфрантацыі, то іх асноўная прычына псіхалагічная: фактычна мы назіраем за распадам агульнай палітычнай прасторы і намаганнем умацавацца на паверхні праз стварэнне нейкіх альтэрнатыўных цэнтраў.

Наколькі я памятаю, Макар удзельнічаў у розных палітычных “клубах”: супраць Ціханоўскай і яшчэ там супраць некага. І такая дзейнасць, безумоўна, разбуральная. Невядома, наколькі яна звязаная з ягоным жаданнем быць некай палітычнай фігурай. Але такія “злівы” разбураюць усе намаганні сур’ёзна да яго ставіцца. Давер да яго падарваны, калі ён у мінулым ці пазамінулым годзе зрабіў выступ з георгіеўскай стужкай на марынарцы.  

Гэта нейкія ўнутраныя разборкі. Магчыма, жаданне адпомсціць. А магчыма, і спроба трэціх асоб неяк дыскрэдытаваць полк Каліноўскага. Стварэнне Паўднёвага камандавання, заявы Карпянкова пра знішчэнне гэтага палка на мяжы, народнае апалчэнне — гэта ў некаторай ступені рэакцыя на вайсковую актывізацыю беларусаў ва Украіне. 

Па апублікаваным запісе чуваць, што з боку Макара была правакатыўнасць: то-бок ён падбухторваў Кулажанку агучыць гэтыя намеры [забойства. — Еўрарадыё]. Гэта відавочна была правакацыйная размова, якая ішла пад запіс”.

Усаў кажа, што не хоча апраўдваць Кулажанку ці абвінавачваць Макара: “Калі б мы былі сур’ёзнай палітычнай групай, то варта б было стварыць уласную следчую камісію, якая б магла разабрацца ў гэтым”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі