Урад падрыхтаваў дакумент аб стварэнні базы дадзеных "дармаедаў"

Урад падрыхтаваў дакумент аб стварэнні базы дадзеных "дармаедаў"

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову № 904 ад 28 кастрычніка, якой рэгламентуецца парадак узаемадзеяння дзяржорганаў і арганізацый з мэтай рэалізацыі дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ("дэкрэта аб дармаедах"). Дакументам вызначаецца, што фармаваць і весці базу дадзеных плацельшчыкаў "збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў" будзе Міністэрства па падатках і зборах.

У базе дадзеных будуць утрымлівацца звесткі пра плацельшчыкаў збору: пашпартныя дадзеныя, дата, калі чалавек страціў працу, сумы выплачаных падаткаў. БЕЛТА адзначае, што Міністэрства па падатках і зборах мае права ўключаць у базу дадатковую інфармацыю. На яго ўскладзена забеспячэнне абароны персанальных звестак грамадзян. З дапамогай базы дадзеных падаткавікі будуць весці улік "дармаедаў", налічваць суму збора ды кантраляваць, ці своечасова ён выплачваецца.

У пастанове вызначана, што база будзе фармавацца з дадзеных, якія прадаставяць Камітэт дзяржаўнага кантроля, Следчы камітэт, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, КДБ, Дзяржаўны памежны камітэт, Дзяржкамітэт судовых экспертызаў, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы.

Пастанова Саўміна была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 3 лістапада і пачала дзейнічаць.

"Дэкрэт аб дармаедах" быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. Як паведамляла Еўрарадыё, за жнівень-верасень паведамленні пра свой няўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў падалі ў падатковыя органы 103 чалавекі. Яны мусілі заплаціць 314,5 млн рублёў збору.

Фота: БЕЛТА, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі