У Беларусі зацвердзілі праграму "стабілізацыі коштаў"

Чыноўнікі анансуюць "карэкціроўку пераліку тавараў, якія падпадаюць пад дзяржаўнае коштавае рэгуляванне" / Еўрарадыё
Чыноўнікі анансуюць "карэкціроўку пераліку тавараў, якія падпадаюць пад дзяржаўнае коштавае рэгуляванне" / Еўрарадыё

Беларускія чыноўнікі з урада і Камітэта дзяржаўнага кантролю распрацавалі праграму дзеянняў, накіраваных на "стабілізацыю коштаў". Пра гэта паведамляе Тelegram-канал Савета міністраў РБ.

Сярод іншага стаіць мэта напоўніць унутраны рынак таварамі. Гэта мяркуецца зрабіць за кошт легалізацыі паралельнага імпарту (то-бок увозу імпартных тавараў без згоды праваўладальніка) і імпартазамяшчэння. У прыватнасці, плануецца распрацаваць "комплекс мер па вытворчасці імпартазамяшчальнай сельскагаспадарчай прадукцыі".

Чыноўнікі анансуюць таксама "карэкціроўку пераліку тавараў, якія падпадаюць пад дзяржаўнае коштавае рэгуляванне". Абяцаюць падоўжыць дзеянне пагаднення аб зніжках і сачыць за цэнамі на імпартныя тавары. Прадугледжаны і шэраг іншых мер.

"Большасць мерапрыемстваў знаходзіцца ў высокай стадыі прапрацоўкі, асобныя ўжо рэалізуюцца", падкрэслілі ва ўрадзе.

У траўні гадавая інфляцыя склала ў Беларусі 17% (да траўня 2021 года), паведамляў Белстат. Больш за ўсё за год падаражэла ежа — на 19,3%. Кошт нехарчовых тавараў павялічыўся на 18,7%, паслуг — на 10,8%.

На рост цэн у Беларусі ўплываюць санкцыі, пісалі ў красавіку эксперты Еўразійскага банка развіцця.  Санкцыі зрабілі больш жорсткім пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны, якую падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. У выніку беларускім вытворцам і пастаўшчыкам цяпер трэба выбудоўваць новыя лагістычныя ланцугі. Як следства — растуць выдаткі, а за імі і кошты. Акрамя таго, інфляцыя ідзе і на сусветных рынках. Гэтыя фактары і далей будуць уплываць на кошты ў краіне, прагназуюць эксперты ЕАБР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі