Вы тут

Упершыню з часоў Другой сусветнай вайны: ЗША мабілізуе нацгвардыю

Мінеапаліс у агні падчас пратэстаў супраць самавольства паліцэйскіх, 30 траўня 2020 года / Reuters

ЗША праводзіць самую маштабную мабілізацыю з часоў Другой сусветнай вайны. Гэта звязана з масавымі пратэстамі, якія пачаліся пасля смерці цемнаскурага амерыканца Джорджа Флойда, які быў затрыманы паліцэйскімі ў Мінеапалісе.

Пратэсты адбываюцца ў 30-ці гарадах, у многіх з іх мірныя акцыі перараслі ў беспарадкі. З гэтай нагоды губернатар Мінесоты палічыў неабходным мабілізаваць войскі, паведамляе CNN. Па словах генерала Джона Джэнсена, 30 траўня было мабілізавана 2500 чалавек, але гэтага ўсё адно недастаткова.

Кадры пра тое, як адзін з паліцэйскіх цісне каленам на шыю 46-гадовага афраамерыканца, абляцелі ўвесь свет. Чацвёра праваахоўнікаў затрымалі Джорджа Флойда за падазрэнне ў выкарыстанні фальшывых 20-ці долараў.

На відэа бачна, як Флойд не супраціўляецца і ледзьве вымаўляе: "Я не магу дыхаць", "Дазвольце мне ўстаць". Калі мужчына перастаў рухацца, паліцэйскія адвезлі яго ў лякарню, аднак медыкі канстатавалі смерць афраамерыканца. Пазней шэф мясцовай паліцыі заявіў, што метады затрыманняў будуць перагледжаны, а пасля таго, як расследаваннем інцыдэнту занялося ФБР, афіцэр Дэрэк Шовэн, які трымаў Флойда каленам, арыштаваны. Яго абвінавачваюць у ненаўмысным забойстве, і ў турме ён можа правесці 25 гадоў. Улады Мінеапаліса паведамляюць, што Флойд і Шовэн былі знаёмыя, бо разам працавалі ў адным начным клубе ахоўнікамі.

Кадр, які абляцеў увесь свет

25 траўня пасля паведамлення пра смерць Флойда па ўсёй Амерыцы пачаліся пратэсты супраць паліцэйскага самавольства. У Мінеапалісе былі спаленыя паліцэйскі ўчастак і новабуд на 200 кватэр, разгромленыя і абрабаваныя крамы. У горадзе ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Губернанар Мінесоты Цім Уолз назваў пратэсты рэакцыяй "пакаленняў болю і пакутаў", выкліканай "расізмам у працы паліцыі", піша "Новая газета". У свой час, мяркуе Уолз, іх галасы не былі пачутыя, а цяпер гэты боль бачыць увесь свет.

Расавыя сутычкі з паліцыяй у ЗША, канец траўня 2020 года / Reuters
Паліцэйская машына загарэлася ў выніку пратэстаў супраць паліцэйскага самавольства ў Мінеапалісе / Reuters
Пратэст у Луісвіле, штат Кентукі / Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.