Універсітэты не ведаюць, якія студэнты атрымаюць кампенсацыю

Сёння віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец растлумачваў дэпутатам, як студэнтам будуць кампенсаваць адабраныя льготы на праезд. Ён запэўніў, што спісы студэнтаў, якія атрымаюць кампенсацыю, ужо фарміруюцца, і ў хуткім часе падвысіцца стыпендыя. Еўрарадыё высветліла, што ў ВНУ за складанне гэтых спісаў ніхто не браўся, бо не бачылі праект указа на ўласныя вочы, а стыпендыя апошні раз падвышалася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у лютым 2006 года. Намеснік Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алег Дапіра расказаў Еўрарадыё, што 1 год і 8 месяцаў стыпендыю якасна ніхто не павялічваў, хаця і неаднаразова абяцалі гэта зрабіць.

Алег Дапіра: Нас такое становішча не задавальняе: робяцца нейкія незразумелыя абяцанні аб разавым павелічэнні стыпендыі, але мы гэтага павелічэння чакаем другі год. Таму што апошні раз яе павялічвалі ў лютым 2006 года, такое якаснае павелічэнне, усё астатняе былі пераразлікі тарыфнай стаўкі першага разрада. Вось і ўсё.

Праз два тыдні ў студэнтаў адбяруць права на льготны праезд, а наўзамен абяцаюць аказваць матэрыяльную падтрымку, але не ўсім. У першым варыянце праекта ўказа студэнтам была прадугледжана штомесячная выплата ў памеры 28 тысяч рублёў. Потым гэтая лічба змянялася некалькі разоў, але сёння ў праекце закону адраснай сацыяльнай дапамогі няма ніводнага слова пра студэнтаў. Прэзідэнт адправіў яго на дапрацоўку: ні Міністэрства адукацыі, ні Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, ні ВНУ з лета не бачылі праект указа.

У прафсаюзе студэнтаў БДУ не ведаюць, якім студэнтам прыйдзецца выплочваць кампенсацыю і якая гэта будзе сума.

Прафсаюз: Мы праект, які зверху, чулі, але канкрэтна ва ўніверсітэт гэтай інфармацыі яшчэ не прыйшло. Мы чулі, што гэта (грошы) будзе размяркоўвацца праз грамадскія аб’яднанні нейкім чынам, але ніякай канкрэтыкі пакуль, шкада, няма.

Аналагічны адказ Еўрарадыё пачула ад прарэктара па вучэбнай і выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка Святланы Копцевай.

Святлана Копцева: Я пакуль не магу гэтага сказаць яшчэ. Тое, што будзе аказвацца адрасная дапамога – гэта адназначна, але якая сума будзе, гэтага не магу сказаць.

Намеснік Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алег Дапіра расказаў Еўрарадыё, што не да канца застаецца зразумелым, якія студэнты змогуць разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу. Спачатку дапамогу прапанавалі тым, чый сярэднесямейны даход на аднаго чалавека складае 100% бюджэту пражытковага мінімума, потым 200%. Які варыянт далі на подпіс прэзідэнту - невядома.

Зараз праект указа знаходзіцца на дапрацоўцы ў Адміністрацыі.

Алег Дапіра: Зараз ужо праца непасрэдна вядзецца ў Адміністрацыі і Саўміне – гэта тыя органы, скажам так, на якія у нас няма выхаду. Мы працуем з Міністэрствам адукацыі па гэтым пытанні.

Ва упраўленні сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі прыадчынілі заслону таямнічага праекта указа. Яго начальнік Лідзія Субоцкая сказала, што кожны ўніверсітэт будзе самастойна вырашаць, якім студэнтам і ў якім памеры аказваць матэрыяльную падтрымку. Калі ў першым варыянце праекта ўказа было прапісана, што ўніверсітэт самастойна будзе выплочваць адрасныя грошы, то сёння на сябе гэта бярэ Міністэрства фінансаў.

Лідзія Субоцкая: Ну, а як мы можам аказаць нейкую суму, калі не ведаць, куды ён едзе: адна справа - ездзіць у Пухавічы, а другая справа - ездзіць у Брэст.

Гэта пытанне будзе вырашацца на камісіі, у склад якой увойдзе прафсаюз студэнтаў ВНУ і БРСМ. Намеснік аддзела студэнтаў і навучэнскай моладзі БРСМ Алеся Іназемец расказала Еўрарадыё, што доступ да праекта ўказа маюць адзінкі і каментаваць яго адмаўляюцца. Хутчэй за ўсё, з праектам указа іх азнаёмяць у пачатку снежня.

Алеся Іназемец: Я ад вас упершыню чую, што сябры БРСМ будуць вырашаць, каму даваць кампенсацыю, а каму не. Неаднаразова выходзіла на Саўмін, каб хоць крышачку даведацца пра гэты закон, але ўсё безвынікова: яны катэгарычна адмаўляюцца даваць нейкую інфармацыю. Я ведаю роўна столькі, колькі і вы, а можа, і яшчэ менш.

Гэты праект закону павінен быць даступным для ўніверсітэтаў, прафсаюзаў, якія і будуць вырашаць, каму аказваць адрасную сацыяльную дапамогу і ў якім памеры. Сёння атрымоўваецца зусім па-іншаму: усе ведаюць пра яго на ўзроўні чутак і чакаюць 16 снежня, калі ўказ будзе падпісаны і змяніць яго стане проста немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі